Зноў махляры? «Космас ТБ» і ДПК заяўляюць, што не маюць дачынення да SMS аб дапамозе памежнікам
Інтэрнэт-правайдар «Космас ТБ» пракаментаваў інфармацыю аб рассыланні SMS з прапановай ахвяраваць грошы памежнікам.
«Паважаныя абаненты! У сувязі з інфармацыяй аб паведамленнях ад імя дамена “Космас ТБ”, звязанай з пералікам сродкаў на невядомы разліковы рахунак, хочам запэўніць, што СТАА “Космас ТБ” да дадзенай рассылкі дачынення не мае. Больш падрабязная інфармацыя будзе паведамлена дадаткова», — гаворыцца ў апублікаваным на сайце правайдэра паведамленні, перадае REFORM.by.
Дзяржпагранкамітэт Беларусі таксама абверг інфармацыю аб дабрачынным фондзе для дапамогі памежнікам. У ведамстве яе назвалі ілжывай і накіраванай на дыскрэдытацыю органаў памежнай службы.
«Афіцыйна паведамляем, што ведамства не мае ніякага дачынення да якіх-небудзь дабрачынных фондаў і не звярталася з просьбай пераводу грашовых сродкаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ДПК.
Грамадзян просяць не пераводзіць грошы на названыя рахункі і правяраць інфармацыю ў афіцыйных крыніцах.
Сёння з'явілася інфармацыя, што нібыта беларускі інтэрнэт-правайдар «Космас ТБ» рассылае SMS з прапановай ахвяраваць грошы памежнікам.