Журналіст паведаміў, што яго спрабавала завербаваць КДБ

Сябра ГА “БАЖ” з Брэста Яўген Скрабец сцвярджае, што 29 ліпеня адбылася спроба яго вярбоўкі супрацоўнікамі КДБ.



skrabiets.jpg

Абставіны інцыдэнту журналіст-фрылансер апісаў на сваёй старонцы ў Facebook і ў гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”.

Яўген спрабаваў уладкавацца на працу ў Аўтобусны парк №1 ААТ “Брэстаблаўтатранс” кіраўніком сектару турызму, маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці. Паводле журналіста, ён паспяхова прайшоў сумоўе з кіраўніцтвам прадпрыемства і праз некалькі дзён з’явіўся на канчатковую сустрэчу з дырэктарам. Той сказаў, што яго працаўладкаванне залежыць ад размовы з двума людзьмі, якія чакаюць у кабінеце галоўнага інжынера.

Двое невядомых, якіх Скрабец умоўна называе “Ураган” і “Вецярок”, далі зразумець, што шмат ведаюць пра жыццё і дзейнасць Яўгена за апошні год. Пасля гэтага яны сказалі, што, заняўшы пасаду на новай працы, Яўген павінен працягваць займацца грамадскай (не радыкальнай) дзейнасцю і падтрымліваць з імі кантакт. Таксама прапанавалі падпісаць паперу пра тое, што ён добраахвотна пагаджаецца стаць сакрэтным супрацоўнікам беларускага КДБ.

“Ураган” і “Вецярок” цікавіліся супрацоўніцтвам Яўгена з “Беларускім Радыё Рацыя”. “Яны казалі, што ведаюць “рацыйныя” расцэнкі за матэрыялы. Папярэджвалі, што, калі зараз пачну актыўна брацца за працу на “Радыё Рацыя”, то каб не здзіўляўся, неўзабаве атрымаўшы штраф у 4 мільёны рублёў”, — распавёў журналіст прэс-службе ГА "БАЖ".

Па словах журналіста, ён катэгарычна адмовіўся ад прапанаванай схемы, выйшаў з кабінета і развітаўся з кіраўніцтвам прадпрыемства, на якое спрабаваў уладкавацца.

Нагадаем, што Яўген Скрабец, які з’яўляецца сябрам зарэгістраванй у Чэхіі арганізацыі “Малады фронт” і супрацоўнічае з незалежнымі СМІ, ужо неаднаразова трапляў у поле ўвагі праваахоўных органаў і пракуратуры.  

У сакавіку г.г. ён атрымаў папярэджанне пракуратуры за супрацу з “Беларускім Радыё Рацыя”.

У красавіку яго выклікалі ў міліцыю “дзеля апытання” нібыта з нагоды бойкі ў горадзе, але пазней перайшлі да пытанняў пра супрацу з "Беларускім Радыё Рацыя".

У маі ён адбыў 10 сутак арышту па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. Але сам актывіст перакананы, што яго затрымалі прэвентыўна, каб прадухіліць яго ўдзел у магчымых акцыях пратэсту падчас чэмпіянату свету па хакеі.

Прэс-служба ГА "БАЖ"