Журналіста Генадзя Барбарыча будуць судзіць за матэрыял аб «справе БелТА»

Журналіста абвінавачваюць у тым, што ён рыхтаваў матэрыял пра «справу БелТА» для «Радыё Рацыя» (Польшча) без акрэдытацыі беларускіх уладаў.

Генадзь Барбарыч (справа) атрымлівае прэмію імя Змітра Завадскага за 2007 год

Генадзь Барбарыч (справа) атрымлівае прэмію імя Змітра Завадскага за 2007 год

Калега распавёў сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў, што ў нядзелю атрымаў па пошце пратакол з міліцыі і позву ў суд Партызанскага раёна на 16:30 13 снежня.
— Са мной з міліцыі ніхто нават не размаўляў. Пратакол склалі завочна за матэрыял, які тычыцца «справы БелТА». У пратаколе пазначана, што я знаходзіўся каля будынку Следчага камітэта ў Мінску, браў інтэрв'ю ў галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай і рыхтаваў матэрыял для «Радыё Рацыя», — распавёў Барбарыч.
Генадзь Барбарыч — вядомы беларускі журналіст. Раней працаваў у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, газеце «Беларусы і рынак», з'яўляецца лаўрэатам прэміі імя Дзмітрыя Завадскага.
Прыцягненне журналістаў да адказнасці за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ стала сапраўдным бічом апошніх гадоў. Толькі ў гэтым годзе больш за 100 разоў беларускіх журналістаў штрафавалі на вялікія сумы за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» і «Беларускім Радыё Рацыя».
Беларуская асацыяцыя журналістаў заяўляе аб незаконнасці прыцягнення журналістаў да адказнасці па арт. 22.9 КаАП.
Аднак ні шматразовыя абскарджвання, ні кампаніі салідарнасці, ні прыцягненне міжнароднай грамадскасці не могуць спыніць пераслед калег. Дадзеная праблема была адной з тэм сустрэчы старшыні БАЖ Андрэя Бастунца з Прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, якая прайшла ў Вене 10 снежня.
baj.by