Выкрадзенага з Беларусі ўкраінца Грыба шпіталізавалі з суда
Абвінавачанага ў тэрарызме ўкраінца Паўла Грыба шпіталізавалі падчас судовага пасяджэння. Яго справу разглядае Паўночна-Каўказскі вайсковы акруговы суд у Сочы, паведамляе Радыё Свабода.
Паводле адвакаткі Марыны Дубровінай, зняволены ўкраінец некалькі дзён скардзіўся на моцны боль у жываце і млоснасць. Абаронца хадайнічала аб пераносе пасяджэння з увагі на стан здароўя Паўла Грыба, але яе просьбу не задаволілі.
З судовай залы Паўла Грыба перавезлі ў шпіталь. Пасля агляду лекары паведамілі, што Грыб мог заразіцца вострым энтэракалітам. Але медыкі не выключылі, што ў яго магла абвастрыцца язвавая хвароба: украінец пакутуе ад хранічнай формы гэтай інфекцыі.
Сёння суд планаваў дапытаць асноўную сведку па справе Паўла Грыба — яго дзяўчыну Таццяну Яршову. У выніку допыт не адбыўся.
Маладыя людзі пазнаёміліся ў сацсетцы «Вконтакте» ў 2017 годзе, там яны пачалі весці перапіску. Паводле версіі следчых ФСБ, у чэрвені 2017 года Грыб спрабаваў пераканаць Яршову падарваць бомбу ў дзень выпускнога вечара ў школе № 26 у Сочы. У тым жа месяцы, Паўло Грыб і Таццяна Яршова дамовіліся сустрэцца ў беларускім Гомелі. Паўгадзіны пасля іх першага спаткання, Грыба выкралі невядомыя людзі ў цывільным. Праз некалькі тыдняў ён апынуўся ў Краснадарскім СІЗА № 5.
Супраць Паўла Грыба выставілі абвінавачанне ў схіленні да тэрарызму. Хлопец і яго сям’я гэтыя абвінавачанні адмаўляюць.
Радыё Свабода