Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч перавялі ў гомельскую жаночую калонію
Як стала вядома TUT.BY, на днях Кацярыну Барысевіч перавялі ў жаночую калонію ў Гомелі. Кацярына была асуджаная на паўгода пазбаўлення волі па справе аб «нуль праміле», тэрмін зняволення мінае 19 траўня, гэта значыць праз два дні яе мусяць вызваліць.
Нагадаем, Кацярыну Барысевіч судзілі за разгалошванне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК) — паводле версіі Генпракуратуры, гэта «падвышаная напружанасць у грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзян да агрэсіі і проціпраўных дзеянняў». Таксама вінаватым па справе прызнаны лекар БХМД Арцём Сарокін, ён атрымаў два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і выйшаў на волю пасля абвяшчэння прысуду. І Кацярына, і Арцём віну не прызналі.
Гаворка ідзе пра артыкул Барысевіч пра смерць Рамана Бандарэнкі «Урач БХМД: "У Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі"», лекар Сарокін даў каментар пра стан пацыента.
Пракуратура падала пратэст на прысуд у дачыненні да Барысевіч «з-за мяккасці прызначанага пакарання», аднак Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле: паўгода пазбаўлення волі.
Кацярына была затрымана 19 лістапада 2020 года, увесь гэты час яна ўтрымлівалася ў СІЗА (спачатку ў Мінску, затым — у Жодзіна, а пасля — у Магілёве), дзе адзін дзень прыраўноўваецца да аднаго дня ў калоніі. Адпаведна, 19 траўня мінае тэрмін зняволення, Кацярыну павінны вызваліць.