Журналістцы і палітзняволенай Кацярыне Андрэевай працягнулі тэрмін арышту да 20 лютага
Нагадаем, тэрмін знаходжання пад вартай у Кацярыны мусіў скончыцца 20 студзеня.
Журналістка Кацярына Андрэева правядзе за кратамі па меншай меры яшчэ месяц. Тэрмін арышту падоўжаны — цяпер да 20 лютага, піша «Белсат».
«Безумоўна, я лічу, што Каця ўтрымліваецца за кратамі
незаконна, бо яна цалкам невінаватая, — каментуе сітуацыю муж Кацярыны Ігар
Ільяш. — Ёй выстаўлена абсалютна неабгрунтаванае, абсурднае абвінавачванне. Па
факце Кацю проста захапілі ў палон за тое, што яна сумленна выконвала свае
прафесійныя абавязкі».
Ігар Ільяш кажа, што цяпер Кацярына адчувае сябе добра,
захоўвае бадзёры настрой і рыхтуецца да судовага працэсу.
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі з
15 лістапада. Іх затрымалі за стрым, у якім быў паказаны жорсткі разгон акцыі
памяці Рамана Бандарэнкі ды разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне
і Дар’і выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Праваабаронцы
вызналі журналістак палітвязнямі.