Журналістка Любоў Лунёва можа сустрэць Новы год за кратамі
Суд над журналісткай Любоўю Лунёвай прызначаны на панядзелак, 28 снежня а 10:00 (суд Савецкага раёна Мінска).
— Гэты першы Новы год, калі мне не прыйдзецца чысціць селядзец і наразаць салат аліўе, — жартуе журналістка.
Адну з самых дасведчаных беларускіх вулічных рэпарцёрак вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП). Разам з аператарам Іванам Куракевічам журналістку затрымалі яшчэ 7 снежня, але ў той жа вечар з Акрэсціна яна трапіла ў шпіталь, дзе прабыла два тыдні.
У сувязі з гэтым суд над Любоўю Лунёвай пераносілі і цяпер канчаткова прызначылі на панядзелак за тры дні да Новага года. Іван Куракевіч жа адбыў 15-суткавы арышт.