«Якога колеру была ваша фіранка?». Маці трох дзяцей аштрафавалі за бел-чырвона-белую фіранку

Партызанскі суд Мінска сёння разгледзеў адміністрацыйную справу па ч.1 артыкула 23.34 супраць шматдзетнай маці Б. Яе аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (810 рублёў).

51f2d93e_8b23_43f6_ac76_d35930417b9e_w1023_r1_s_e91k0.jpg

Жанчыну затрымалі 19 снежня ў Партызанскім РУУС, куды яна прыехала сама на ўласным аўтамабілі з трохгадовым сынам, каб паскардзіцца на ўчастковую, нагадвае «Свабода».

«Участковая вельмі намагалася трапіць у кватэру. Моцна стукала ў дзверы. Калі адчынілі, выказала пратэст, што нібыта сцяг вісеў у вакне, пачала паказваць фатаздымкі», — сказаў журналістам муж жанчыны перад судом.

На той момант сцяга ў вакне ўжо не было, таму гэты прыход «у госці» быў незразумелы. Трое дзяцей, з якіх малодшаму тры гады, былі дома, дзеці напужаліся.

«Пасля размовы ўчастковая сышла, але жонка на гэтай хвалі паехала пісаць заяву аб неправамерных дзеяннях участковага, бо нават па адміністрацыйных справах з'яўленьне ўчастковага ў кватэру не прадугледжваецца. Чаму і як гэта звязана, незразумела. Паехала ў РУУС пісаць заяву з трохгадовым дзіцем, і яе там затрымалі», — сказаў муж жанчыны.

Паводле самой жанчыны, участковая, якая прыходзіла ўвечары, сказала, што на яе будзе заведзеная адміністрацыйная справа. Яна грукалася ў дзверы і не прадставілася. Таму жанчына вырашыла самастойна паехаць у РУУС, каб у кіраўніцтва высветліць, у чым справа. У РУУС жанчыне прыгразілі арыштам і сказалі, каб нехта са сваякоў забраў дзіця. Жанчына патэлефанавала маці, і тая прыехала па ўнука. А саму яе змясьцілі да суду ў ІЧУ на Акрэсьціна.

Жанчыну абвінавацілі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 15 снежня, пікетаванні, як гаворыцца далей у пратаколе, «без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкаму ў мэтах публічнага выказваньня свайго грамадзка-палітычнага настрою і пратэсту па факце нязгоды з рашэньнем дзейнай улады РБ, падчас якой дэманстравала ў акне кватэры сьцяг бел-чырвона-белага колеру».

З Акрэсціна яна давала паказаньні ў Партызанскім судзе праз скайп.

«Я нічога не дэманстравала», — сказала ў судзе жанчына.

Суддзя: — Вісеў у вас сцяг у акне?

Абвінавачаная: — Вісела фіранка.

Суддзя: — Што гэта за фіранка?

Абвінавачаная: — Дзіця парвала ранейшую, і мне давялося завешваць вакно, бо дзіця спіць у гэтым пакоі і перашкаджае сонца.

Суддзя: — Што за фіранка, якога колеру была?

Абвінавачаная: — Белага і чырвонага колеру, пакуль гэта не забаронена.

Суддзя спытала жанчыну, ці вядома ёй, што з лістапада дэманстрацыя бел-чырвона-белага колеру ў вакне з'яўляецца пікетаваннем? Жанчына адказала, што ёй гэта невядома.

Яна сказала, што не магла прымаць актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, бо 15 снежня ў яе хварэла дзіця і яна займалася яго лекаваннем, гатавала ежу.

Сведкай у судзе выступіла маці жанчыны. Яна сказала, што дачка патэлефанавала з невядомага тэлефона з РУУС і сказала, што яе затрымліваюць, каб яна забрала трохгадовае дзіця. Аўтамабіль дачкі стаяў ля РУУС.

«Мяне сустрэлі супрацоўнікі, якія не прадставіліся і сказалі, што дачка сюды прыехала сама. Яны сказалі, што не абавязаныя прадстаўляцца і даваць тлумачэнні. Маўляў, гэта дарослы чалавек і пратакол складзены, і калі я буду забіраць дзіця, то мне трэба напісаць распіску», — сказала сведка.

Суддзя запытала яе, ці ёсць у дачкі магчымасць набыць новыя фіранкі, калі дзіця іх парвала. Маці адказала, што каб набыць фіранкі, было недастаткова часу. Суддзя спытала, ці вядома маці, што на вакне ў кватэры дачкі вісела бел-чырвона-белая фіранка?

«Ну так, вісела, дзіця сапраўды парвала фіранку, такая размова была, і не было часу, трэба нешта павесіць, пакуль набудзе нешта новае. Я не бачыла сама, што там вісела»

Паводле адваката, абвінавачаньне Б. «надуманае і галаслоўнае». Да таго ж у пратаколе было пазначана, што жанчыну затрымалі дома.

«Хачу зьвярнуць увагу на два рапарты нейкіх супрацоўнікаў (адзін рапарт супрацоўніка Мароза ад 15 снежня і супрацоўніка Бабіча ад 16 снежня), якія з дакладнасьцю да коскі паўтараюць адзін аднаго, пра тое што пры патруляванні імі выяўлены факт вывешвання незарэгістраваных сцягоў і іншай неўстаноўленай атрыбутыкі, змест якіх накіраваны на нанясенне шкоды грамадзкаму парадку. У сувязі з чым былі зробленыя такія высновы, незразумела. На гэты момант не існуе нарматыўна-прававога акта аб тым, што бел-чырвона-белая сімволіка з'яўляецца забароненай. У нас няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня за выкарыстаньне незарэгістраванай сімволікі, якая не забароненая ва ўстаноўленым законам парадку».

Паводле адваката, віна ягонай падабароннай не даказаная, а вывешванне фіранкі ўнутры кватэры не з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. Ён прасіў спыніць справу.

Але ў выніку жанчына атрымала штраф.