Журналістку «Белсата» Вольгу Чайчыц аштрафавалі на 1.225 рублёў

Карэспандэнт тэлеканала «Белсат» Вольга Чайчыц аштрафаваная на 1.225 рублёў за сюжэт пра пратэсты жыхароў аднаго з мікрараёнаў у Смалявічах супраць закрыцця крамы. Такое рашэнне прыняў 5 верасня суд у Смалявічах (Мінская вобласць).

Вольга Чайчыц. Архіўнае фота

Вольга Чайчыц. Архіўнае фота

«Суддзя Аляксандр Казлоўскі сказаў, што лічыць мае паказанні, якія даказваюць маю невінаватасць, хлуснёй, — напісала Чайчыц на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Я там артыкулы Канстытуцыі і закона называла, якія дазваляюць мне збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Прэзумпцыя вінаватасці».
Гэты штраф стаў для Чайчыц сёлета дзявятым, сума штрафаў складае 8.452 рублі (каля 4.200 долараў).
Паводле дадзеных тэлеканала «Белсат», з пачатку года журналісты, якія з ім супрацоўнічаюць, атрымалі штрафы на агульную суму каля 30 тысяч долараў у эквіваленце.
Спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал «Белсат» вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя «Белсата» размяшчаецца ў Варшаве.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН