Зварот Руха Салідарнасці «Разам» да беларусаў замежжа

Рух Салідарнасці «Разам» звярнуўся да беларусаў, якія жывуць у замежжы. Публікуем тэкст зварота. 

37027437_229045131257937_8153068046412414976_n_logo_1.jpg

Шаноўныя сябры!

Вельмі ўдзячныя вам за вашыя дзеянні, скіраваныя супраць пуцінска-лукашэнкаўскай "паглыбленай інтэграцыі". Акцыі, якія на 28-ю гадавіну Белавежскіх пагадненняў прайшлі ў 11 краінах свету пад лозунгам "Рукі прэч ад Беларусі!", былі магутнейшым ударам па Крамлю і Лубянцы. Гэтыя акцыі, якія ладзілі беларусы і прыяцелі Беларусі ў замежжы, сталіся моцнай і вельмі патрэбнай падтрымкай беларусам, якія 7-8 снежня выйшлі на Плошчу Каліноўскага ў Менску. Выйшлі абараняць Беларусь у вельмі неспрыяльных умовах існавання жорсткага антыбеларускага рэжыму ўлады і ўседазволенасці яго карных структураў. Выйшлі ва ўмовах рэальнай гібрыднай вайны, якую вядзе РФ супраць Беларусі ўжо не першы год. Выйшлі, каб засведчыць усяму свету, што беларусы будуць абараняць сваю Айчыну.
Нас маглі не пачуць, калі б нашыя законныя патрабаванні і лозунгі не гучалі ў розных гарадах і краінах адначасна з Плошчай Каліноўскага: у Нью-Ёрку і Кіеве, у Брусэлі і Таронта, Варшаве і Вільне, Празе і Будапешце, Тэль-Авіве і Саўт-Рыверы, Маскве і Санкт-Пецярбурзе.
Але небяспека засталася. Таму 20 снежня а 18-й гадзіне мы зноўку выйдзем на плошчу Каліноўскага ў Менску, каб абараніць Незалежнась Беларусі. І мы вельмі просім вашай падтрымкі і салідарнасці. Каб адбываліся вулічныя акцыі згодна з заканадаўствам тых краінаў, дзе вы пражываеце. Каб вы на сваіх сходах і акцыях падтрымалі Рэзалюцыю Плошчы Каліноўскага ад 8.12.2019 г., каб, выкарыстоўваючы вулічныя акцыі і паралельна ім, вы звярталіся да палітыкаў краінаў свайго пражывання, каб падключыць іх да абароны незалежнасці Рэспублікі Беларусь і ўвядзення дадатковых санкцыяў супраць краіны-агрэсара - пуцінскай РФ.
Просім вас, каб на беларускія акцыі вы запрашалі не толькі мясцовых палітыкаў, а і прадстаўнікоў украінскай дыяспары, а таксама краінаў Балтыі і тых краінаў, якія былі пад уладай камуністаў да падзення Берлінскай сцяны.
Шаноўныя беларусы, якія сёння ў замежжы! Мы вельмі спадзяемся на вашую падтрымку, ахвярнасць, мужнасць і прафесіяналізм.Толькі ў еднасці беларускі народ, - беларусы, якія жывуць на Бацькаўшчыне, і беларусы, якія жывуць па-за межамі Беларусі, - здольны абараніць сваю Айчыну.Браты і сёстры, разам - да Перамогі!
Беларусь перадусім!Саюз з Расеяй - гэта вайна і галеча!Жыве Беларусь!
10.12.2019 г.
Сустаршыні Руха Салідарнасці "Разам"Юрый ЛяшэнкаАлесь МакаеўАлена Талстая.