Жыць у Беларусі сёння

Кожны год «Штодзень» піша тэкст, што азначае «жыць у Беларусі» цяпер. Цяпер гэта вельмі цікава, таму што спалучае ў сабе неспалучальныя рэчы — песімізм і натхненне, разгубленасць і мэтаскіраванасць, апатыю і жаданне рухацца далей… А што для Вас — жыць у Беларусі сёння?

fota_novy_czas_2_logo.jpg

Жыць у Беларусі сёння — гэта згадваць пра 2020 год, але нікому не казаць пра гэта.

Жыць у Беларусі сёння — гэта выдаліць свае акаўнты ў Тэлеграме і Фэйсбуку.

Жыць у Беларусі сёння — гэта думаць пра тых знаёмых і сяброў, хто сядзіць альбо з’ехаў.

Жыць у Беларусі сёння — гэта згадваць, куды ж ты схаваў бел-чырвона-белы сцяг два гады таму.

Жыць у Беларусі сёння — гэта спрабаваць атрымліваць асалоду ад дробных жыццёвых рэчаў, як кава ці смачны дэсерт.

Жыць у Беларусі сёння — гэта таемна чытаць праз ВПН навіны на забароненых сайтах.

Жыць у Беларусі сёння — гэта засяродзіцца на сваёй сям’і, таму што яна дае сілы ператрываць усё.

Жыць у Беларусі сёння — гэта перачытваць беларускую класіку для натхнення, разумеючы, што нашым папярэднікам не было лёгка.

Жыць у Беларусі сёння — гэта ўпотайкі дапамагаць сем’ям палітрэпрэсаваных.

Жыць у Беларусі сёння — умець распазнаць у незнаёмым чалавеку аднадумца па поглядзе.

Жыць у Беларусі сёння — гэта спрабаваць не паказваць сваіх сапраўдных эмоцый на людзях.

Жыць у Беларусі сёння — гэта радавацца шкарпэткам з беларускамоўнымі надпісамі.

Жыць у Беларусі сёння — гэта ў рускамоўным асяродку паспрабаваць размаўляць па-беларуску і атрымаць кучу кампліментаў.

Жыць у Беларусі сёння — гэта пісаць лісты і насіць перадачы знаёмым і сябрам.

Жыць у Беларусі — гэта памятаць, што пасля самай цёмнай ночы заўжды наступае світанак.

Жыць у Беларусі сёння вельмі цяжка. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, усё роўна чамусьці верыць, што ўсё будзе добра.

Жыць у Беларусі сёння — гэта спрабаваць не страціць надзею на перамогу.

А што для Вас — жыць у Беларусі сёння?