«Жыццё і свабода не могуць існаваць адно без другога». Святлана Ціханоўская — пра Дзяды

Дзяды — гэта дзень, які аб'ядноўвае пакаленні беларусаў, мёртвых і жывых, піша ў сваім тэлеграм-канале Святлана Ціханоўская.

photo_2022_11_01_00_16_46.jpg


На гэтым тыдні Беларусь адзначае Дзяды. Беларусы едуць на могілкі, каб ушанаваць памяць сваіх любімых, якія памерлі. Гэта дзень, калі мы збіраемся ўсёй сям'ёй і разам узгадваем тых, каго больш з намі няма.

Для мяне гэта вельмi важны дзень. Але, як і тысячы беларусаў, я не магу правесці яго са сваёй сям'ёй. Як і тысячы беларусак, у гэты дзень я не змагу паехаць разам з мужам на ягоную малую Радзіму. Як і тысячы беларусаў, тых, хто вымушаны быў пакінуць Радзіму, і тых, каго рэжым схаваў за кратамі, сёння я не змагу наведаць магілу сваіх дарагіх бабулі і дзядулі.

Дзяды — гэта дзень памяці. І сёння мы ўзгадваем не толькі сваіх родных, але і сваіх братоў і сясцёр, якія загінулі за наш дом, за свабоду і шчасце на нашай зямлі. Мы памятаем Рому Бандарэнку. Мы памятаем Вітольда Ашурка. Мы памятаем Віталя Шышова і кожнага, хто быў закатаваны і забіты рукамі рэжыму. Мы памятаем Паўла «Волата», Івана Марчука з пазыўным «Брэст» і кожнага, хто загінуў, абараняючы Украіну ад расійскіх акупантаў.

У гэтым годзе Дзяды — не толькі памяць пра тых, хто загінуў, але і напамін: дзве найвялікшыя ў свеце каштоўнасці — чалавечае жыццё і чалавечая свабода — не могуць існаваць адно без другога. Мы бачым, як проста рэжым можа скрасці тое адзінае, што ў нас ёсць — права быць жывым.

І ў гэты дзень мы захоўваем надзею ў сэрцы на тое, што беларускім маці больш не давядзецца плакаць над магіламі сваіх замучаных дзяцей. Што беларускім жанчынам не давядзецца адпраўляць сваіх блізкіх мужчын на смерць, калі рэжым вырашыць яшчэ больш уцягнуць Беларусь у гэтую злачынную вайну. Што вайна скончыцца, а святло абавязкова пераможа.

У гэты дзень я асабліва веру, што нашы героі, якія загінулі, знойдуць супакой. Беларусь стане вольнай. Беларусы абароняць сваё права на свабоду і жыццё. Мы зробім усё, што магчыма, каб на беларускіх могілках не з’явілася свежых магіл ахвяр тыраніі і вайны. Мы зробім усё, каб нашы героі ведалі — яны ахвяравалі сваё жыццё не дарма. Яны здабылі для нас тую будучыню, за якую змагаліся, за якую мы штодня змагаемся разам.