Жыхарка Слуцку адсудзіла ў дарожнікаў каля 4,5 млн. рублёў
Суд Слуцкага раёну абавязаў КУП «Мінскаблдарбуд» кампенсаваць матэрыяльныя страты па пашкоджанню аўтамабіля Зінаіды Цімошак. 11 жніўня 2015года ў Слуцку быў завершаны разгляд судовай спрэчкі паміж случчанкай і гэтай дарожнай арганізацыяй.
![doroha_008_logo.jpg doroha_008_logo.jpg](/img/v1/news/full/doroha_008_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нагадаем, што ў красавіку і маі 2015 года з прычыны няякаснага становішча дарожнага пакрыцця на ўчастку дарогі Слуцк — Капыль прыватны аўтамабіль «Шкода-Фабія», які належыць Цімошак, двойчы атрымліваў пашкоджанні, і ўладальніца аўтамабіля панесла матэрыяльныя страты на суму больш чым 7 мільёнаў беларускіх рублёў.
Іронія лёсу ў тым, што перад гэтым Цімошак вяла перапіску з КУП «ДРСУ-125», у якой патрабавала капітальнага рамонту дарогі. Дарожная арганізацыя абмежавалася выкананнем ямачнага рамонту. У выніку адна з няякасна адрамантаваных ямак выплюхнула з-пад колаў сустрэчнага грузавага аўтамабіля і пашкодзіла капот аўтамабіля заяўніцы.
Па рашэнні суда Слуцкага раёну дарожна-рамонтная арганізацыя павінна выплаціць на карысць жанчыны 4 млн. 466 тысяч 500 рублёй дзеля пакрыцця матэрыяльнай шкоды, выдаткі па аплаце заключэння спецыяліста-эксперта, паштовыя выдаткі.
Патрабаванні Цімошак не былі задаволеныя ў поўным памеры. Справа ў тым, што ў адным з двух выпадкаў пашкоджання аўтамабіля Цімошак не выклікала ДАІ на месца здарэння. Таму, нягледзячы на сведчанні начальніка эвакуатарнай службы і спецыялістаў станцыі тэхнічнага абслугоўвання, суд палічыў, што немагчыма вызначыць канкрэтнае месца ДТЗ і яго вінаватага. Таксама адмоўлена было спадарыні Цімошак і ў кампенсацыі маральнай шкоды.
Нягледзячы на тое, што судовы пазоў быў задаволены толькі часткова, сама грамадзянская актывістка засталася задаволена рашэннем суда.
«Адной з галоўных задач судовага працэсу для мяне было звярнуць увагу на тое, што можа адбывацца на другарадных аўтадарогах пры няякасным дарожным пакрыцці, якое патрабуе капітальнага рамонту, — кажа спадарыня Зінаіда. — Удар аб шурпатую паверхню ям, выкід кавалкаў няякаснага асфальту з-пад колаў сустрэчных аўтамабіляў — гэта тое, што можа здарыцца з кожным аўтамабілем на дрэннай дарозе і часцяком застаецца беспакараным для дарожна-эксплуатуючай арганізацыі. Удар кавалкам асфальту і пашкоджанне капоту майго аўтамабіля на дарозе Слуцк-Капыль, дзякуючы рашэнню суда, ўсё ж такі абыйдзецца КУП «Мінскаблдарбуд» у капейчыну, а мне дазволіць выканаць рамонт аўтамабіля».
Па яе словах, існае заканадаўства не дазваляе атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды з дарожнікаў, паколькі паміж кіроўцам і дарожнікамі не заключаецца дамова на якасць абслугоўвання. Даказаўшы віну ў пашкоджанні машыны, можна атрымаць толькі кампенсацыю на рамонтныя работы.
Што датычна дарожнага пакрыцця аўтадарогі Слуцк-Капыль — тут па-ранейшаму кіламетры дарожнага покрыва застаюцца ў аварыйным стане, паведаміла Цімошак.
![doroga_007_logo.jpg doroga_007_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/doroga_007_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Такія дарогі, на думку чыноўнікаў, "поўнасцю адпавядаюць дзяржаўным стандартам"
«Падобна на тое, што дарожныя стандарты ўладальнікаў аўтамашын І спецыялістаў ДРСУ-125 адрозніваюцца, як неба І зямля. Дашчэнту зруйнаваны асфальт на дарозе непадалёк ад павароту на вёску Шулякі, дзе адбылося маё першае сутыкненне з дарогай 10 красавіка, паводле слоў начальніка планава-вытворчага аддзелу КУП «ДРСУ-125» Аляксандра Саладухі, поўнасцю адпавядае дзяржаўным стандартам. Магчыма, гэтыя стандарты распрацоўваліся яшчэ для эпохі трактара і падкаванага каня?», — задаеца пытаннем кіроўца.