Суддзі спатрэбіўся дадатковы час для вывучэння справы аштрафаванага журналіста
На 12 ліпеня быў прызначаны разгляд касацыйнай скаргі глыбоцкага журналіста Змітра Лупача, аштрафаванага на 4,5 мільёны рублёў за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. Зміцер прыехаў у Віцебскі абласны суд за 220 кіламетраў, яго адвакат наогул з Мінску, а разгляд скаргі перанеслі.
Зміцер Лупач. Фота Службы маніторынгу ГА "БАЖ"
Зміцер Лупач распавёў, што дату разгляду яго скаргі прызначылі яшчэ тыдзень таму.
— Я атрымаў афіцыйную позву, што маю скаргу будуць разбіраць 12 ліпеня ў 11 гадзін. Паводле заканадаўства, мой удзел неабавязковы. Аднак я вырашыў прыехаць у Віцебск, каб давесці сваю пазіцыю абласному суду — бо вінаватым сябе не лічу. З Мінску прыехала адвакат, яна таксама адклала ўсе іншыя справы. І тут суддзя Святлана Іванова абвяшчае, што ёй патрэбны дадатковы час на вывучэнне маёй справы. Няўжо тыдзень таму ўсё было ясна, а цяпер паўсталі пытанні? Дык можна было б папярэдзіць пра гэта учора ўвечары? — кажа журналіст.
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, жаданне аспрэчыць рашэнне райсуду пацягнула за сабой лішнія выдаткі, і гэта несправядліва.
— Праваабаронцы і журналісты прыйшлі ў суд, каб падтрымаць глыбоцкага калегу. Але на маё пытанне, чаму нельга было папярэдзіць пра перанос разгляду скаргі хаця б напярэдадні, суддзя Святлана Іванова адказала поўным маўчаннем. Атрымліваецца, суды хочуць “распрануць да ніткі” Змітра Лупача. Мала таго, што на ім “вісіць” штраф памерам 4,5 мільёны — як паказвае практыка, абласныя суды не адмяняюць рашэнні пра штрафы незалежным журналістам. Мала таго, што немалых грошай каштавалі паслугі адваката, калі ён спрабаваў бараніцца ў Глыбоцкім райсудзе, і транспартныя выдаткі на дарогу з Мінску таксама каштуюць грошай! Мала таго, што грошай каштуе напісанне касацыйнай скаргі! Цяпер, атрымліваецца, адвакат зноў мае транспартныя выдаткі і выдаткі за змарнаваны працоўны дзень, якія таксама трэба аплачваць. Плюс — выдаткі з улікам прызначанага ўжо на 19 жніўня разбору ў абласным судзе. Гэта зноў грошы на прыезд адваката і адвакацкую працу падчас разгляду скаргі, — падкрэслівае праваабаронца.
Павел Левінаў не выключае, што адтэрміноўка разгляду касацыйнай скаргі Змітра Лупача нейкім чынам звязана з заявай Аляксандра Лукашэнкі, які на сустрэчы з прадстаўнікамі незалежных СМІ абяцаў разабрацца ў праблеме штрафавання журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі рэдакцыямі без акрэдытацыі.
Менавіта за гэта 23 ліпеня і быў аштрафаваны Зміцер Лупач. Яго прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ — артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі). Падставай для судовай справы стаў матэрыял "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё". Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак.
Касацыйную скаргу на рашэнне Глыбоцкага райсуду падрыхтавала і незалежная журналістка Таццяна Смоткіна. 28 ліпеня яе таксама прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства паводле артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях — за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. У якасці пакарання журналістцы быў прысуджаны штраф такога ж памеру — 25 базавых велічынь.