Жыхары Пастаўшчыны супраць будаўніцтва царквы
Царкву плануецца пабудаваць на асабліва ахоўваемай тэрыторыі каля возера Балдук. Возера Балдук уваходзіць у групу Блакітных азёр, якія размешчаны на тэрыторыі Нацыянальнага парка “Нарачанскі”.
Жыхары вёсак Вайшкуны і Станчыкі, у асноўным католікі, а таксама шматлікія дачнікі з Мінска ў сваёй большасці супраць гэтага будаўніцтва. Яны лічаць, што пад выглядам будаўніцтва храма будзе рэалізаваны выгадны бізнеспраект.
Па ініцыятыве эколага Ігара Пастухова 10 мая адбыўся сход жыхароў у вёсцы Вайшкуны. На ім прысутнічалі мясцовыя жыхары, уладальнікі дачных участкаў, прадстаўнікі мясцовай улады і сродкаў масавай інфармацыі. Ініцыятар правядзення сходу — эколаг Ігар Пастухоў. Акрамя яго, на сходзе выступілі эколаг Таццяна Новікава, архітэктар Вадзім Гліннік, мясцовыя жыхары.
На сходзе прысутнічаў і ініцыятар будоўлі храма бізнесмен з Мінска Мікалай Раманевіч. Ён спрабаваў данесці да прысутных важнасць гэтага будаўніцтва, якое абсалютнай большасцю не падтрымліваецца.
На сходзе былі абмеркаваныя і іншыя вострыя пытанні, такія як незаконная высечка дрэў, вываз смецця, браканьерства. Па факце будаўніцтва храма была створаная ініцыятыўная група грамадзян,
якая будзе кантактаваць з уладамі па гэтым пытанні.
Еўрарадыё