Жыхар Гродна атрымаў 2,5 гады «хіміі» за «праяву нянавісці» да супрацоўніка АМАПа

Жыхара Гродна Юрыя Давыдава прысудзілі да 2,5 гадоў «хіміі» па артыкуле 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Прысуд быў вынесены 17 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Справу разглядаў суддзя Віталь Лабацкі, паведамляюць праваабаронцы.

Ілюстрацыйнае фота ctv.by

Ілюстрацыйнае фота ctv.by


Юрыю Давыдаву 40 гадоў. Ён займаўся стварэннем адукацыйных курсаў для будучых маці і бацькоў, выхоўвае дваіх дзяцей 10 і 13 гадоў.
Паводле абвінавачання, 15 лістапада 2021 года Юрый пакінуў абразлівы каментар пад допісам з асабістымі звесткамі супрацоўніка АМАПа Паўла Вашкевіча ў адным з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.
На судзе Юрый растлумачыў, што прачытаў у тэлеграм-канале, што у Вашкевіча ва ўласнасці ёсць мікрааўтобус «Ford Transit», з чаго зрабіў выснову, што ён займаецца прыватным бізнэсам, што забараняецца дзяржслужачым. Пра гэта ён напісаў у каментары. У судзе не гаварылася, пра які менавіта каментар ідзе гаворка, але судова-лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што ён утрымлівае «ненарматыўную форму маўленчага выказвання». Пракурор назваў каментар «формай праявы нянавісці».
Давыдаў прызнаў сваю віну і папрасіў прабачэння перад пацярпелым.
Паводле reform.by.