Жыхар Віцебска падаў у суд на міліцыю за незаконна знішчаны сцяг
Мікола Качурэц мяркуе спагнаць з кіраўніцтва аддзела міліцыі Кастрычніцкага раёна кошт сцяга, які ў яго адабралі летась 25 сакавіка.
Спадара Міколу затрымалі каля помніка князю Альгерду і асудзілі, аштрафаваўшы на 735 рублёў за несанкцыянаваны пікет. Але старшыня Віцебскага абласнога суда адмяніў пакаранне, вынесенае ў Кастрычніцкім раённым судзе.
Грошы, сплочаныя ў якасці штрафу, Міколу Качурцу вярнулі. А сцяг — не: у Кастрычніцкім РАУС сказалі, што сцяга ў іх няма.
Спадар Качурэц мяркуе, што сцяг быў знішчаны або скрадзены. І хоча праз суд вярнуць грошы за зніклую маёмасць, хаця кажа, што асаблівых надзеяў на гэта не мае:
— У 42 рублі мы ацанілі гэта ўсё — сцяг і тронак. І падалі ў суд, каб мне вярнулі грошы за іх. Раз яны не хочуць адкупіць сцяг, то няхай аддаюць грошы, я сам набуду сабе новы. Вернуць ці не вернуць? Я ведаю, што суды заўсёды бароняць інтарэсы міліцыянтаў. Таму хутчэй за ўсё — не.
Судовае разбіральніцтва, ініцыяванае Міколам Качурцом супраць кіраўніцтва Кастрычніцкага райаддзела міліцыі, адбудзецца 10 красавіка ў Першамайскім раённым судзе. Пачатак а 10-й гадзіне.
Дарэчы, падобная гісторыя адбылася і з яшчэ адным жыхаром Віцебска, Андрусём Кешэнюком. У яго таксама забралі сцяг і абвінавацілі ў незаконным пікетаванні на мінулагодні Дзень Волі. Але Вярхоўны суд пастанавіў вярнуць сцяг уладальніку.
У Першамайскім райаддзеле міліцыі наўпрост сказалі, што сцяг спалілі, хаця такіх указанняў ніхто не даваў. Начальнік РАУС прынёс Андрусю Кешанюку пісьмовыя прабачэнні.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі