Жыхарку Магілёва аштрафавалі за подпіс, падобны да экстрэмісцкай абрэвіятуры

Суддзя Кастрычніцкага раёна Наталля Крашкіна 26 красавіка аштрафавала магілеўчанку Марыю Вайнову з-за роспісу ў пратаколе — за «распаўсюд прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» (арт. 19.11), піша «Наша Ніва».

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

У канцы сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі з Марыяй «прафілактычную гутарку», падчас якой папярэдзілі аб недапушчальнасці дзеянняў, якія парушаюць заканадаўства.
Ёй выдалі бланк афіцыйнага папярэджання, дзе Вайнова распісалася. Разыначка ў тым, што дзяўчына распісваецца такім жа подпісам, што і ў пашпарце.
А ў пашпарце, які Марыя атрымала 12 гадоў таму, у яе роспісе можна ўбачыць абрэвіятуру, якая складаецца з 4 літар і 4 кропак, якую некаторыя расшыфроўваюць як крытыку супрацоўнікаў паліцыі.
У 2018 годзе абрэвіятура была ўнесена ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Праз два тыдні пасля «прафілактычнай гутаркі», Вайнову выклікалі да ўчастковага, дзе яе ўжо чакалі супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Фурманаў і Захараў. На працягу чатырох гадзін яны задавалі дзяўчыне розныя пытанні. У выніку на дзяўчыну склалі адміністрацыйны пратакол па 19.11 КаАП.
На судзе 26 красавіка Фурманаў выступіў у якасці сведкі. Вайнова заявіла, што пасля пратакола перастала так распісвацца, аднак адзначыла, што добрыя супрацоўнікі міліцыі ніколі не прынялі б абрэвіятуру на свой рахунак.
У сваю чаргу, Фурманаў заявіў, што з-за распаўсюду гэтай абрэвіятуры «ў Інтэрнэце мемасікі гуляюць»
Суддзя, паглядзеўшы на ўсё гэта, вырашыла пакараць Вайнову 10 базавымі велічынямі штрафу (290 рублёў).