10 момантаў гэтага лета, якія Севярынец прадбачыў у сваім рамане «Беларусалім»
«Аказалася, у другой частцы «Беларусаліма» —
«Сэрца святла» раптам выявіўся дзясятак ясных прадбачанняў — але гэта дакладна
не ад мяне, мне гэта здавалася мастацкай гіпербалай», — напісаў Павел Севярынец у лістоў з-за кратаў.
.
«Беларусалім. Сэрца святла» — працяг рамана Паўла Севярынца, кніга пра канец свету, які пачынаецца ў Беларусі.
Карпарацыя “Непагасны свет” з чорным квадратам у якасці сімвала праграмуе ў Минску пульт ад чалавека — і пры падтрымцы ўлады выкарыстоўвае ў сваіх мэтах рух духоўнага абуджэння, які пачынаецца на тэрыторыі былога ВКЛ.
Другая кніга раману “Беларусалім. Сэрца святла” была цалкам напісаная ў студзені 2020 года, звярстаная ў сакавіку, выйшла перад самай выбарчай кампаніяй ў чэрвені, калі Севярынец ужо сядзеў на Акрэсціна.
У адным з лістоў з-за кратаў Севярынец піша: “Бог робіць Сваю працу ў Беларусі з неверагодным размахам, з глыбінёй, якой я ня мог уявіць. Адзінае, аказалася, у другой частцы “Беларусаліма” — “Сэрца святла” раптам выявіўся дзясятак ясных прадбачанняў — але гэта дакладна не ад мяне, мне гэта здавалася мастацкай гіпербалай”.
• “Беларусалім” пачынаецца з акцыі салідарнасці на Нямізе, якая суправаджаецца сутычкамі і разгонам. Звініць набат.
• Масавыя маніфестацыі пад бел-чырвона-белым сцягам з удзелам соцень тысячаў беларусаў пачынаюцца летам.
• Беларусь аказваецца ў цэнтры сусветнай увагі.
• У руху актыўна ўдзельнічаюць цэрквы.
• Ключавую ролю бярэ на сябе касцёл. У рамане ясна ўгадваецца фігура арцыбіскупа Кандрусевіча.
• Многія ўдзельнікі акцыяў апранаюць белыя вопраткі. Паўсюль бел-чырвона-белыя сцягі.
• Рэжым адказвае гвалтам — спецназ, светашумавыя гранаты, войска. Расея прапануе рэжыму дапамогу.
• Многія відныя постаці беларускага руху апынаюцца ў эміграцыі.
• Адзін з пачынальнікаў руху зняволены на Валадарцы.
• Нарэшце, назва “Беларусалім. Сэрца святла” пераклікаецца з імем ключавой асобы 2020 года — сэрца Святланы.
Набыць кнігу і падтрымаць сям’ю Севярынцаў можна ў інтэрнэт-краме Kroplia.by альбо ў краме Мой модны кут (Мінск, пр-т Незалежнасці, 58, ГЦ «Маскоўска-Венскі» пав. 333).