Адноўленая сядзіба князёў Агінскіх у Залессі
На днях прайшло ўрачыстае мерапрыемства адкрыцця аб'екта. На ўрачыстасць з'ехалася ўсё раённае кіраўніцтва, былі таксама прадстаўнікі Гродзенскай вобласці ды Міністэрства культуры.
Госці мерапрыемства ацанілі вынікі апошняга этапу рэстаўрацыйных работ, якія доўжыліся з 2011 года, а таксама пабывалі на канцэрце Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які ладзіўся з гэтай нагоды.
Паводле словаў галоўнага архітэктара і навуковага кіраўніка праекта па рэстаўрацыі сядзібы Людмілы Івановай, сядзіба адноўленая поўнасцю звонку, у тым ліку пакладзены новы дах, замененыя вокны і дзверы.
Унутраны інтэр'ер і адноўлены пакуль толькі фрагментарна. Будаўнікі адно скончылі пракладку інжынерных сетак, наладзілі сістэмы ацяплення ды вентыляцыі, паклалі новую падлогу.
Рэстаўратары імкнуліся аднавіць максімальна падобнае аблічча сядзібы да таго, якім яно было ў часы найбольш вядомага ўладальніка Міхаіла Клеафаса Агінскага. У наступным годзе плануецца рэканструяваць садова-паркавы комплекс, гаспадарчыя пабудовы.