Бляск і непрывабнасць турыстычнага Міра
Убачанае ў лічаных сотнях метраў ад мірскага замка непрыемна ўражвае. Падрабязнасці — ў фотарэпартажы «Салідарнасці».
Мы прызвычаіліся да прыхарошанага вобраза Міра. Адноўлены велічны замак з раўнюткімі газонамі і падсветкай, дагледжаным паркам і саджалкай, цэнтр мястэчка з касцёлам і царквой, рознакаляровымі дамкамі (пытанне пра іх аўтэнтычнасць — тэма для асобнага артыкула). Каля замка які ўжо год ладзяцца маштабныя музычныя фестывалі.
Замак і фэсты прывабліваюць у Мір тысячы турыстаў з Беларусі і замежжа. Гэта безумоўная нагода для гонару беларусаў.
Але ёсць у гэтай турыстычнай бочцы мёду лыжка дзёгцю. Каб у гэтым пераканацца, трэба ўсяго толькі прагуляцца ў ваколіцах замка і цэнтра мястэчка.
Пры кавярні «Мірум» ладзіцца міжнародны фестываль Mirum Music Festival. Зусім побач яго гасцей чакае такая вось экзотыка.
Пачнём з вузенькай забрукаванай вулкі, што вядзе ад замкавага комплекса да цэнтра. Пахіленыя платы, за якімі можна пабачыць зарослыя бур’яном недабудаваныя дамы, прыбіральны-шпакоўні, ссохлае дрэва пры самай сцежцы, па якой ідуць турысты да праваслаўнай царквы. Парадокс — на Гродзеншчыне масава павыразалі прыдарожныя лесапалосы, а на адно мёртвае дрэва ў цэнтры Міра не знайшлося чалавека з бензапілой.
За дагледжанымі фасадамі мясцовага аўтавакзала і крамаў выпадковы падарожнік можа падзівіцца на сметнікі і штабелі гнілых дошак.
Можна толькі здагадвацца, у чым тут прычына: людская лянота, абыякавасць, недахоп культуры ці недагляд мясцовай улады. Зразумела адно — Мір заслугоўвае лепшага.
Сямён Печанко, www.gazetaby.com