«Akute» выступілі ў Мінску і прэзентавалі новы альбом «Nie isnuje»

Без сумневу, 21 красавіка ў клубе «RE:PUBLIC» адбыўся «самы вялікі і самы адказны» ў гісторыі «Akute» сольны канцэрт. У гэты дзень малады магілёўскі гурт прэзентаваў свой новы альбом і выканаў ледзь не ўсе свае вядомыя песні. Разаграваў музыкаў мінскі гурт «Hum Flying Bulletproof Noodle».



Без сумневу, 21 красавіка ў клубе «RE:PUBLIC» адбыўся «самы вялікі і самы адказны» ў гісторыі «Akute» сольны канцэрт. У гэты дзень малады магілёўскі гурт прэзентаваў свой новы альбом і выканаў ледзь не ўсе свае вядомыя песні. Разаграваў музыкаў мінскі гурт «Hum Flying Bulletproof Noodle».

У гэты вечар «Akute» выглядалі як сапраўдныя зоркі: поўны зал, нядрэнны гук, свет і надзвычай захопленая рэакцыя публікі. Старыя і новыя гіты музыкі гралі ў перамешку. А праз пэўны час Стас Мытнік адклаў у бок электрагітару ды ўзяў акустычную. Першай у акустычнай частцы канцэрту прагучала песня «Sviaci», таксама вядомая пад назвай «Прамяні pt.2»  — першая і адзіная песня «Akute», што запісаная ў акустычным фармаце. У свой час гэты запіс рыхтаваўся адмыслова да ўдзелу ў фестывалі «Бардаўская Восень».

— «А-дзі-ноц-тва!», «А-дзі-ноц-тва!» — гукалі першыя шэрагі. І слухачы свайго дамагліся. Дарэчы, гэта кампазіцыя ў свой час была дэбютным запісам гурта  — менавіта дзякуючы ёй уся краіна ўпершыню пачула нашчадкаў легендарных «Глюкаў». Музыкам падпявала ўся зала.

Апошняй у гэты вечар прагучала першая песня новага альбома  — «Kroŭ by vada». Паабяцаўшы аўтограф-сесію, пасля сканчэння выступу музыкі яшчэ доўга распісваліся на афішах і вокладках свайго другога альбома, сабраўшы вялізны натоўп каля бара. Асабіста мне бачыць такое на канцэртах беларускіх гуртоў давялося ўпершыню.

Відавочна, што гэты выступ для маладога магілёўскага гурта стаўся вельмі паспяховым. Былі распрададзены ўсе дыскі з новым альбомам і разабраны ўсе афішы. Менавіта ў гэты вечар кожнаму наведніку канцэрта пашчасціла пабачыць нараджэнне сапраўднай новай беларускай рок-зоркі.