ALEKSEEV: Good luck па-беларуску — прывітанне!
Украінец ALEKSEEV, які на сёлетнім "Еўрабачанні" прадстаўляе Беларусь, падчас цырымоніі адкрыцця конкурса ў размове з журналісткай загаварыў па-беларуску!

Карэспандэнтка вяла размову з Мікітам на англійскай мове і напрыканцы запыталася ў яго, як будзе "жадаю удачы" па-беларуску. "Прывітанне!" — упэўнена адказаў выканаўца. "Я жадаю табе "прывітанне", — падхапіла журналістка.
Відаць, нездарма многія эксперты па "Еўрабачання" сцвярджаюць, што ALEKSEEV паехаў у Лісабон прадстаўляць сябе, а не Беларусь. Бо ў іншым выпадку некалькі выразаў на мове суседзяў адолеў бы. Хаця мы ўсё адно жадаем Мікіту выйсця ў фінал.
Дарэчы, у Лісабоне ва ўсю ідуць рэпетыцыі першага паўфіналу, у якім возьме ўдзел і ALEKSEEV. Пакуль букмекеры не бачаць яго ў фінале конкурса — ён займае 14 месца ў букмекерскіх табліцах.
А вось шанцы нарвежца беларускага паходжання Аляксандра Рыбака пасля першых рэпетыцый рэзка ўзраслі: з восьмага радка ён перамясціўся на другі і літаральна наступае на пяты фаварытцы конкурса, ізраільскай эпатажнай спявачцы Неце. Так што ў любым выпадку сёлета беларусам ёсць за каго галасаваць.