Алесь Суша: Мусім належна падрыхтавацца да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

У Беларусі рыхтуюцца да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Пра гэта расказаў культуразнаўца, намеснік старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша:



skaryna.jpg

— Найперш трэба сказаць, што было б варта ўключыць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў каляндар знамянальных дат ЮНЭСКА. Аб’явіць 2017-ы годам Францыска Скарыны. Ёсць ідэя аб наданні Менску статуса кніжнай сталіцы свету ў 2017 годзе.

Паводле навукоўца, ідзе праца і па вяртанні, ці хаця б часовай экспазіцыі, кнігаў Скарыны ў Беларусі. Разглядаецца магчымасць і поўнага факсімільнага выдання кнігаў першадрукара:

— І ўрэшце факсімільнае ўзнаўленне спадчыны Францыска Скарыны таксама мусіць быць разгледжана. Хаця спробы такія ўжо рабіліся, але, на жаль, яны заўжды былі не вельмі дасканалымі, і поўны збор твораў Францыска Скарыны факсімільна ці тэкстава яшчэ ніколі не выдаваўся, і я думаю, што гэтая праца наперадзе.

Планы дзяржавы на святкаванне 500-годдзя беларускага першадрукарства пакуль не вядомыя. Але, спадзяецца Алесь Суша, такі юбілей абавязвае адзначыць угодкі першай друкаванай беларускай кнігі належным чынам.

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя