Аляхновіч вярнуўся «Шчаслівым мужам»

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — летняя прэм’ера. Сын Леаніда Дранько-Майсюка паставіў густоўную музычную камедыю па п’есе выкрасленага аўтара.



415585bd389b69659223807d77a96791.jpg

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — летняя прэм’ера. Сын Леаніда Дранько-Майсюка паставіў густоўную музычную камедыю па п’есе выкрасленага аўтара.
«Шчасліваму мужу» доўга не шанцавала. Спачатку п’есу, якая пабачыла свет у 1922 годзе, назвалі безідэйнай, пазбаўленай філасофскіх ды сацыяльных падтэкстаў. Потым «бацька беларускай драматургіі» Францішак Аляхновіч, які трапіў у жорнавы таталітарнага стагоддзя, быў наўмысна забыты. Васіль Дранько-Майсюк, які абраў рэжысёрскі псеўданім Мюр Фарыдовіч, напоўніў лёгкую камедыю пра падманутага мужа крохкай настальгіяй па зніклай культуры.
Мешчанін Гаўдэнт Залепка (Зміцер Мядзведзеў) шчаслівы са сваёю жонкаю Магдаленай. Але летуценная Магдалена (Марыя Пятровіч) з падачы прыяцелькі Фэлькі вырашае закруціць амуры з графам Ільдэфонсам Мацальскім. Толькі Ільдэфонс — зусім не той, за каго сябе выдае. Дый муж Магдалены не збіраецца здавацца без бою.
П’еса казыча гледача дасціпнымі спевамі, танцамі, дэкламацыямі. Заліваецца музыка Максіма Іўкіна, грае на скрыпачцы Алена Карагіна, паддаюць жару Раман Лугавы на акардэоне і Уладзімір Такарчук на кантрабасе.
Але «Шчаслівы муж» — густоўная стылізацыя пад нямое кіно і старасвецкую фатаграфію. Апавядальнік — Міхал Зубей (у выкананні Цімоха Ткачова) — фатограф з двума памагатымі-акрабатамі. Цені на шырмах, карункі, вытанчаная мода стогадовай даўніны — гэта эпоха фатальных меладрамаў на белых прасцінах (падзяка бутафорам і сцэнографам Івану Марцінчыку і Воле Вячорцы). Харызматычна-вульгарная Бэла Шпінэр, якая грае прыяцельку гераіні, — гэта драпежная жанчына-вамп з кінасеансаў (дэбютант Дранько-Майсюк прызнаўся, што згадваў Веру Халодную, але Шпінэр болей пасуе сваяцтва з Полаю Нэгры). А два дурня Шышка і Пышка (Ігар Вяпшкоўскі і Кірыл Навіцкі) — гэта раннія кінакамічныя дуэты, якія даставяць публіцы радасць.
Лёгкі дыетычны гратэск: манерная пані Уршуля (Алена Баярава) у пошуках мужчынаў, на якіх можна павесіцца, астраном-аматар і алканаўт Калістрат Мяшочак (Максім Паніматчанка) з маленькаю жонкай (Вераніка Буслаева) і дылдаватай дачкой (Юлія Шаўчук). Сямейны кантраст выклікаў шчырае захапленне залі, а палымяныя астранамічныя развагі (пад градусам), пераплюнуць марсіянскую лекцыю з «Карнавальнай ночы».
У арнамент п’есы ўплеценыя і вершы Леаніда Дранько-Майсюка «Усё падман, усё падман» і ў «Вашым голасе квітнеюць астры». Трэба чуць, з якім завываннем чытае іх фальшывы граф Ільдэфонс, каб ацаніць мужнасць паэта. Леанід Дранько-Майсюк аддаў сыну-рэжысёру сваю візітоўную картку на залімітнае камедыйнае гвалтаванне.


Граф Ільдэфонс Галчынскі, сыграны Сяргеем Шымко, — духоўны сваяк Адольфа Быкоўскага: ён такі ж манюка, выхваляка і прайдзісвет. Але Аляхновіч з Купалам спрачаецца; у іх былі, мякка кажучы, сур’ёзныя творчыя разыходжанні (Купала, увогуле, збіраўся прыдушыць Аляхновіча за працяг «Паўлінкі»). І калі Купала пісаў пра вёску, то Аляхновіч — пра горад. З «простага народу» — лёкая, які выдае сябе за графа, дый ягонай жонкі-кухаркі — Аляхновіч кпіць так, як Купала з арыстакрата Быкоўскага.
П’есы Аляхновіча — гэта гарадская культура Беларусі, якая магла быць, але так і не здзейснілася. Летуценныя Магдалены, хвацкія на выдумкі і падман, недарэкі Гаўдэнты, якія пры ўсялякай нагодзе моляцца святому Язэпу, рамеснікі фатаграфіі з выкшталцонымі звычкамі — знесеныя, знішчаныя і забытыя. Вёска захапіла горад і затаптала яго. А зляканым гарадскім сценям, якія ўпотайкі прабраліся на сцэну, застаецца толькі імпэтна спяваць пра шчасце, бо «пытанні за іх вырашаюць».


Радасныя сцені маскуюцца — і пацяшаюць нас. Яны жывуць забытым мяшчанскім побытам, але ён даўно знік — і глебы пад іхнімі нагамі няма. Але сцені ўсё роўна спяваюць.
Пастаноўка, што вярнула іх з забыцця, — ідэальны твор амнезіі. Мы аніяк не сумуем на п’есе, але адразу забываем яе па праглядзе. Тут спрацоўваюць некалькі момантаў.
Твор — не благі і не занадта добры (каб памяць не займаць). Аўтарскія эксперыменты саступаюць месца жанру. Нарэшце, каб на самой п’есе мы не нудзіліся ад звыкласці і прадказальнасці — пануе стыль, а дакладней, стылізацыя; ёсць устаўныя нумары — і лёгкае, амаль эратычнае казытанне ад карункаў, арнаментаў і віньетак.
Такі пяшчотны кіч — глеба гарадское культуры, якой служыў Аляхновіч. Ён вярнуўся сёння «Шчаслівым мужам» — кантрабандаю, летуценна. Але ў гэтых неабавязковых мройлівых летуценнях і пачынаецца горад.