Анімаваныя гісторыі: як сябе бачаць Літва, Латвія, Польшча, Чэхія і Беларусь

У сакавіку свет пабачыла анімаваная гісторыя Літвы. І гэта абудзіла ў кампаніі «Будзьма беларусамі!» імкненне прыгадаць, хто яшчэ з нашых суседзяў праз анімацыю ўвасобіў сваё бачанне гісторыі краіны.

2665_800x516.jpg


Літоўскі анімацыйны фільм пад трэк ад рэп-выканаўцы Šventinis bankuchenas у жартаўлівай форме распавядае пра найбольш значныя моманты літоўскай гісторыі: першая згадка Літвы, каранацыя Міндоўга, заснаванне Вільні, стварэнне Рэчы Паспалітай, уваход у Расійскую імперыю, нацыянальнае адраджэнне і здабыццё незалежнасці ў 1918 годзе, уваход у склад СССР паўторнае абвяшчэнне незалежнасці ў 1991 годзе. Стваральнікі падышлі да справы вельмі крэатыўна і з гумарам. Яны лічаць, што ў часы, калі не было Гугла, пошук здзяйснялі НКУС і КДБ, а Міндоўг быў забіты, як рэпер Тупак (Tupac Shakur).


Яшчэ адны нашыя суседзі, латышы, зрабілі сваю анімаваную гісторыю ў 2008 годзе. У роліку няма жартаў і рэпу, але ён не пазбаўлены сатыры. Анімаваная гісторыя Латвіі — гэта гісторыя селяніна, які ўвесь час імкнецца адбудаваць свой мілы і ўтульны хутарок, але яму заўжды замінаюць цёмныя знешнія сілы. Асноўная думка простая і не губляецца цягам прагляду ўсяго роліка: “Адчапіцеся ад нас”, — кажуць усім латышы.


Крыху іначай падышлі да справы палякі. Спецыяльна да Сусветнай выставы EXPO 2010, якая праходзіла ў Шанхаі, польскі аніматар Томаш Багіньскі разам з гісторыкам-медыевістам Генрыхам Самсановічам стварыў васьміхвілінны ролік, у якім вельмі даступна, але разам з гэтым узнёсла расказваецца пра асноўныя этапы польскай гісторыі. У роліку вельмі ўдала падкрэсленыя найбольш драматычныя падзеі.


Найбольш маштабна да анімавання ўласнай гісторыі падышлі ў Чэхіі. Там знялі анімаваны серыял “Dějiny udatného českého národa” для дзяцей, які складаецца ажно з 95 (!) серый. Галоўны персанаж — добры і прастадушны леў, ад імя якога і вядзецца аповед.


Не выпалі з кантэксту і беларусы. У 2011 годзе кампаніяй “Будзьма беларусамі” была прадстаўлена анімаваная гісторыя Беларусі за 5 хвілін. Праца над ролікам заняла амаль год: візуальная частка была зробленая аніматаркай Юляй Рудзіцкай, тэкст да песні напісаў Лявон Вольскі, а “голасам” роліка стаў Аляксандр Памідораў. Ідэя мультфільма належыць Юліі Ляшкевіч. Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” заклікае крытычна паставіцца да стэрэатыпу аб тым, што беларусы — памяркоўны народ, бо гісторыя краіны сведчыць пра адваротнае.



Які ролік вам спадабаўся найбольш? Выказвайцеся!

budzma.by