Анлайн-кінатэатр VODBLISK пакажа новы фільм беларускай рэжысёркі Юлі Шатун. Для Беларусі прагляд бясплатны
1 красавіка ў анлайн-кінатэатры беларускага кіно VODBLISK з'явіцца фільм Юлі Шатун «Межы». Гэта ўжо другі беларускі фільм, які стане даступным на платформе. Пакуль што праект працуе ў бэта-рэжыме.
VODBLISK — анлайн-кінатэатр беларускага кіно, які стварыла каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне», каб гледачы мелі магчымасць адкрываць для сябе сучасныя незалежныя дакументальныя і ігравыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі.
Беларуская рэжысёрка Юля Шатун стала для многіх сапраўдным кінаадкрыццём 2017 года. Поўнаметражны дэбютны фільм рэжысёркі «Заўтра» ў 2018 годзе заваяваў адразу чатыры ўзнагароды на буйным Міжнародным кінафестывалі ў Марселі. А ў 2019-м Юля зняла фільм «Межы» — гэта аўтарскае, вельмі арыгінальнае па форме паэтычнае кінаэсэ на тэму пошукаў сваёй і чужой, асабістай і мастацкай ідэнтычнасці ў зменлівым свеце.
Ідэя фільма нарадзілася ў цягніку, там жа пачынаецца і кінагісторыя. Гэта фільм-падарожжа па чатырох гарадах, а таксама па сучаснасці і мінулым, бо выкарыстоўваюцца кадры, знятыя рэжысёркай у цяперашні час і яе бацькам 25 гадоў таму. Яны зліваюцца ў адно галасавое паведамленне невядомаму чалавеку і так ці інакш прыводзяць нас да нейкіх бачных ці нябачных межаў — хоць у геаграфіі, гісторыі ці кінематаграфіі.
Дакументальная стужка «Межы» дэманстравалася ў першай за гісторыю існавання фэсту беларускай праграме фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» ў 2020 годзе.
Паглядзіце трэйлер.
Апроч таго, у гледачоў застаецца магчымасць купіць доступ і паглядзець фільм Аляксандра Міхалковіча«Мая бабуля з Марса». Гэта кранальная дакументальная гісторыя пра бабулю рэжысёра. Яна пасля выхаду на пенсію пераехала ў Крым, які неўзабаве стаў акупаваным Расіяй і ператварыўся ў «далёкую планету», накшталт Марса, а яго «асяроддзе» стала непрыязным да бабулі. Нягледзячы на сур'ёзнасць тэм, якія ўздымаюцца ў фільме, ён напоўнены цяплом і пяшчотай.
Паглядзіце трэйлер і пераканайцеся самі.
Такім чынам, у анлайн-кінатэатры будзе ўжо два фільмы, даступныя для прагляду.
Нагадваем, каб паглядзець фільм на платформе VODBLISK, трэба зарэгістравацца на сайце vodblisk.northernlightsff.com, выбраць упадабаны фільм ды купіць да яго доступ за 5$. Стужка будзе даступная на працягу 30 дзён з моманту першага прагляду (вы зможаце паглядзець фільм любую колькасць разоў). Для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, VODBLISK у 2023 годзе бясплатны.
Неўзабаве каманда VODBLISK апублікуе гутарку з рэжысёрам фільма «Мая бабуля з Марса» Аляксандрам Міхалковічам. Яна будзе у вольным доступе для ўсіх. Каб не прапусціць, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: Instagram, Facebook.
Вы можаце падтрымаць данатам дзейнасць каманды кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK.