Апошні, 11-ы том «Дзённікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна выйшаў з друку

Пабачыў свет апошні, 11-ы том «Дзённікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна.

287122538_2157167497783977_1886154713236071612_n.jpg

Выйшаў 11 том «Дзённікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна. На гэтым выданне завершана, паведамляе на сваёй старонцы ў фэйсбуку Сяргей Шапран. За гэтую невераемную працу трэба найперш дзякаваць укладальніцы «Дзённікаў і запісаў» Наталлі Давыдзенка…

Гэта, канешне, літаратурны і чалавечы подзвіг, бо насамрэч дзённікі і запісы Рыгора Барадуліна — гэты не дзённікі ў звычайным разуменні, гэта стосы нататнікаў і яшчэ большыя стосы неразабраных папер, якія паэт назапашваў 60 гадоў. Здолець ўсё гэта храналагічна ўпарадкаваць, расчытаць, набраць і пракаментаваць, і рабіць гэта мэтанакіравана на амаль працягу дзясяці гадоў (праца была распачата пры жыцці Барадуліна), прычым безганарарна і без асаблівых слоў удзячнасці — хто яшчэ здольны на такое? Больш за тое, калі надышлі цяжкія часы, верная памяці паэта, Наталля Аляксееўна пачала выдаваць «Дзённікі і запісы» коштам уласнае пенсіі. Таму і наклад такі — першы том выйшаў накладам у 300 асобнікаў, апошні — 50…

Яны, канешне, зробяцца бібліяграфічнай рэдкасцю і, трапіўшы ў навуковы абарот, стануць падмуркам для многіх дысертацый і безлічы артыкулаў пра паэта і пра ягоны час. Усё гэта будзе калі не цяпер, дык пасля — абавязкова. Толькі вось шкада, што няма Барадуліна. Помню, як ён быў рады, калі Наталля Аляксееўна ажыццявіла ці не галоўную мару апошніх гадоў — падрыхтавала да друку «Вушацкі словазбор», матэрыял для якога Барадулін пачаў збіраць ад маці Акуліны Андрэеўны ды ад радні. І як быў усцешаны, калі разам з Наталляй Аляксееўнай мы давялі да ладу кнігу «Паслаў бы табе душу…», кнігу ліставання з мамай, па якой ён сумаваў усё жыццё.

Каб жыў дзядзька Рыгор, ён, відаць, зрабіў бы цяпер, як і тады, у 2013-м, калі выйшаў «Вушацкі словазбор», — з прычыны нездароўя не ў стане выходзіць на вуліцу, папрасіў мяне перадаць Наталлі Аляксееўне ружачку і яшчэ паштоўку, на якой напісаў: «Дзякуй, Наташа».