Арганізатары «Хмяльноў-фэсту» замянілі «Любэ» на Андрэя Макарэвіча
25 жніўня ў парку-скверы ля гасцініцы «Беларусь» пройдзе чарговы музычна-піўны фестываль «Хмяльноў». У канцы красавіка ў інтэрнэце з’явіліся папярэднія афішкі мерапрыемства, дзе сярод гасцей значыліся гурты «Любэ» і «Крамбамбуля».
Тады лідар «Крамбамбулі» Лявон Вольскі сказаў, што не выступіць з «Любэ» на адной сцэне. «Ну што вы гаворыце, які канцэрт разам з «Любэ»? Ну хіба гэта магчыма? Як з’явілася рэклама, гэтак і знікне», — адзначыў тады Вольскі.
У «Еўраопце», чыёй гандлёвай маркай з’яўляецца «Хмяльноў», нам тады сказалі, што спіс удзельнікаў не канчатковы.
Цяпер з’явіліся новыя афішы. З старых удзельнікаў засталася толькі «Крамбамбуля». Замест «Любэ» хэдлайнерам фестывалю стане гурт «Машіна времені» Андрэя Макарэвіча.
Макарэвіч — мае беларускае паходжанне, ён нават запісаў песню па-беларуску. З пачатку акупацыі Крыма Макарэвіч заняў непрымальную пазіцыю адносна дзеянняў расійскіх уладаў, за што падвяргаўся цкаванню.
Яшчэ адна замена фестывалю: гурт «Дразды» замянілі на беларускамоўную «Краму».
Паводле Нашай Нівы