Археалагічны музей пад адкрытым небам сёлета з’явіцца ў Белавежскай пушчы

Частка археалагічнага музея пад адкрытым небам, які будуецца ў Белавежскай пушчы, можа пачаць працу ўжо сёлета, заявіў на прэс-канферэнцыі 16 сакавіка ў Менску намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза.

muzej_2.jpg

«Вядзецца праца па стварэнні аднаго з першых у краіне музеяў пад адкрытым небам на тэрыторыі Белавежскай пушчы, — сказаў ён. — Летась была завершаная першая чарга будаўніцтва, наколькі мне вядома, пабудаваныя вароты на гарадзішчы. Сёлета выдзелена дастаткова фінансаў для завяршэння працы, каб ужо першыя аб’екты пачалі наведваць турысты».
Паводле інфармацыі, апублікаванай на сайце нацыянальнага парку «Белавежская пушча», археалагічны музей пад адкрытым небам будуецца ў межах дзяржаўнай праграмы аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў да 2020 года.
Ідэя стварэння музея ўзнікла ў 2009 годзе. На плошчы ад 13 да 16 гектараў плануецца размясціць сем комплексаў, якія адлюструюць развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры на захадзе Беларусі ад глыбокай старажытнасці да Сярэднявечча.
Паводле Радыё Рацыя