Беларускія мастакі ладзяць інтэрнэт-аўкцыён у падтрымку медыкаў
Кожны ахвотны можа дапамагчы медыкам, якія знаходзяцца на перадавой у барацьбе з распаўсюджваннем COVID-19, і стаць уладальнікам аднаго з больш чым 100 унікальных лотаў, бязвыплатна прадастаўленых вядомымі беларускімі мастакамі. Дабрачынны аўкцыён «ДЗЯКУЙ!» на пляцоўцы аб'яў «Куфар» стартуе 15 красавіка.
У аўкцыёне прымуць удзел больш за 100 сучасных мастакоў — Леся Пчолка, Максім Бародзіч, Васіліса Паляніна, Руслан Вашкевіч, Андрэй Анро, Ілона Касабука, Алег Ладзісаў, Уладзімір Кандрусевіч, Жанна Капустнікава, Марыта Голубева, Сяргей Баленок, Міраўлад Палачыч, Рыгор Іваноў, Лена Гіль, Уладзімір Клімушка, Павел Татарнікаў, Ала Савашэвіч, Сямён Маталянец, Аляксей Кузьміч, Андрэй Басалыга, Вольга Нікішына, Уладзімір Грамовіч, Валерый Вядрэнка, Аляксандр Бельскі, Сяргей Міхаленка і іншыя. Работы мастакоў выкананы ў самых розных жанрах і тэхніках: сярод лотаў прадстаўлены жывапіс, акварэль, графіка, скульптура, фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Андрэй Бондараў "Каровавірус"
Усе атрыманыя сродкі будуць адрасна накіраваны ў дапамогу беларускім медыкам у разгар эпідэміі каранавіруса ў краіне. Ініцыятарамі правядзення дабрачыннага аўкцыёну выступілі вядомы беларускі мастак Руслан Вашкевіч і арт-ідэолаг Аліна Саўчанка.
«Стаўшы ўдзельнікамі аўкцыёну «ДЗЯКУЙ!», мы ўсе — і мастакі, і пакупнікі, і арганізатары — зможам выказаць прадуктыўную падзяку тым, хто ў няроўных умовах змагаецца за нашыя жыцці, — медыцынскім працаўнікам. Наша ідэя палягае ў тым, каб зрабіць дапамогу максімальна мэтанакіраванай: мы аператыўна адрэагуем на канкрэтныя запыты беларускіх клінік, грошы будуць выдаткаваныя на першачарговыя патрэбны лекараў і пацыентаў», — адзначыў ініцыятар дабрачыннага аўкцыёну «ДЗЯКУЙ!» Руслан Вашкевіч.
«Кожны робіць тое, што можа. Пекар пячэ хлеб, доктар лечыць. Хочацца быць часткай гэтага свету, дапамагчы тым, чым умееш і можаш», «Актуальны мастак гэта перш за ўсё жывы чалавек, які не мае права быць бяздзейным у складаныя для ўсіх часы», «Мае бацькі лекары», «Без дапамогі адзін аднаму мы ўсе даўно б вымерлі. Медыцынскія работнікі сёння галоўныя героі ў барацьбе з вірусам, яны кожны дзень рызыкуюць уласным здароўем, каб выратаваць іншых. Кожны з нас робіць свой маленькі ўнёсак, робіць усё магчымае, каб палегчыць працу лекараў», — такімі словамі каментуюць мастакі свой неабыякавы ўдзел у гэтай акцыі.
Усе лоты аўкцыёну «ДЗЯКУЙ!» будуць размешчаны на пляцоўцы аб'яў «Куфар», дзе ўступіць у таргі за іх зможа кожны ахвотны. Аўкцыён пачнецца 15 красавіка ў 10:00 і працягнецца 7 дзён, да 22 красавіка (10:00).
Каб паўдзельнічаць у аўкцыёне, трэба зайсці на «Куфар» і націснуць на ўкладку «ДЗЯКУЙ!» — яна знаходзіцца ўверсе над пошукавым радком. Пры націсканні адкрыецца старонка аўкцыёну, на якой сабраны ўсе працы мастакоў. Каб зрабіць стаўку, трэба напісаць асабістае паведамленне прадаўцу на старонцы лота. Пераможа ў таргах той, хто зробіць самую высокую стаўку на момант заканчэння аўкцыёну. Калі два пакупнікі дашлюць аднолькавыя стаўкі, выйграе той, хто адправіў сваё паведамленне першым.
«Апошнія 2 тыдні паказалі, што беларусы — вельмі адказная нацыя. Людзі самі сыходзяць на самаізаляцыю, прытрымліваюцца адлегласці ў метр у чэргах, дапамагаюць з дастаўкай прадуктаў бабулям і дзядулям, якія жывуць у іх пад'ездзе. Цяпер важна не спыняцца на гэтым і падтрымаць нашых медыкаў — людзей, якія дапамагаюць нам перажыць эпідэмію. Ад таго, ці хапае ім сродкаў абароны, залежаць іх жыцці, а таксама жыцці нашых сяброў, родных і блізкіх. Гэта датычыцца кожнага, таму давайце не будзем заставацца ў баку. Мы ўдзячныя мастакам, якія выставілі лоты на дабрачынны аўкцыён «ДЗЯКУЙ!» і спадзяемся на актыўнасць і спагадлівасць усіх карыстальнікаў «Куфара», — пракаментавала Вікторыя Сацута, начальнік аддзела маркетынгу пляцоўкі аб'яў «Куфар».
Пачатковая цана заяўленых лотаў ўстаноўлена такім чынам, каб прыцягнуць як мага больш патэнцыйных удзельнікаў з самымі рознымі фінансавымі магчымасцямі. На старонцы «ДЗЯКУЙ!» будуць прадстаўлены лоты са стартавай цаной ад 10 да 5000 беларускіх рублёў. Пры гэтым адсартаваць лоты карыстальнікі змогуць як у парадку ўзрастання цаны, так і памяншэння.
Уладальнікамі лотаў стануць удзельнікі аўкцыёну, якія прапанавалі найбольшую суму за ўпадабаны лот да завяршэння таргоў 22 красавіка ў 10:00. Атрымаць выкуплены лот будучы ўладальнік зможа пасля таго, як пералічыць выніковую суму (роўную канчатковай стаўцы) за абраны твор на рахунак дабрачыннай кампаніі ў падтрымку любога праекта дапамогі медыкам або медыцынскай установе на платформе MolaMola — #BYCOVID19, #СсобойкаДоктору. Менавіта на гэтай платформе зараз рэалізуюцца кампаніі па зборы сродкаў для аказання адраснай дапамогі медустановам ў барацьбе з COVID-19 — усе кампаніі фарміруюцца з улікам прамых зваротаў беларускіх медыкаў аб адсутных для працы сродках першай неабходнасці.
Дзякуючы аўкцыёну «ДЗЯКУЙ!» будуць набыты альбо выраблены сродкі індывідуальнай абароны (маскі, акуляры, рэспіратары, халаты, плашчы, камбінезоны), абсталяванне (у тым ліку пульсаксіметры і канцэнтратары кіслароду), а таксама арганізавана паўнавартаснае харчаванне для работнікаў медыцынскіх устаноў і станцый хуткай дапамогі.
Паводле прэс-рэлізу