Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дзетак

19 лістапада ў мінскай Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57, 9 паверх; ст. м. Міхалова) адбудзецца прэзентацыя «Суперкнігі пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая)», падрыхтаваная адмыслова для дзетак. Пачатак у 12.00. Уваход вольны. У межах фестывалю «Знак роўнасці».

bila_bola_web__1_.jpg

У праграме: сюрпрыз ад «Лямцавай батлейкі» Веранікі Фаміной і Бэлы Кавальковай. Сустрэча пройдзе з удзелам перакладчыкаў кнігі са шведскай на беларускую Алесі Башарымавай, Надзеі Кандрусевіч і Андрэя Хадановіча.
Гэтая кніга для дзяцей пабачыла свет у серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор». Шведская аўтарка Гуніла Бэргстрэм напісала каля 40 дзіцячых кніг, якія сама і праілюстравала. Яна пісала гісторыю Біла і Болы са сваёй уласнай сям’і: у яе двое дзяцей, а ў малодшай дачкі аўтызм.
Кнігі пра Біла і Болу – класіка шведскай літаратуры, яны шырока чытаюцца ў каледжах і навучальных установах. Паводле іх знятыя анімацыйныя фільмы і зробленыя тэатральныя пастаноўкі. А ў 2012 годзе на кніжным кірмашы ў Гётэборгу Гуніле Бэргстрэм уручылі залаты медаль «за новы падыход у напісанні і афармленні дзіцячай кнігі з бездакорным адчуваннем дзіцячага светапогляду».

Паводле прэс-рэліза