Беларус, які ваюе на Данбасе. Глядзіце новы фільм Антося Цялежнікава

«Білорус» — новая стужка рэжысёра рэзананснага фільму пра Правы Сектар «Добраахвотнікі».



img_0112.jpg

Беларус і Антось Цялежнікаў

Герой фільму нарадзіўся ва ўсходняй Беларусі. Ён быў на Майдане, а цяпер бярэ ўдзел у баявых дзеяннях недалёка ад Данецку. Беларус змагаецца ў шэрагах добраахвотніцкага корпусу «Правы сектар» — вайсковай адзінкі, якою расейская прапаганда пужае сваіх суграмадзянаў. Галоўны герой рызыкуе сваім жыццём дзеля вольнай і непадзельнай Украіны, бо верыць, што ад гэтага будзе залежаць лёс і ягонай айчыны — Беларусі.

На Данбасе па Украінскім баку ваюе каля 100 беларусаў. Што матывуе маладых хлопцаў узяць зброю ў рукі распавядае рэжысёр фільму Антось Цялежнікаў:

«Яшчэ нейкія 25 гадоў таму насельніцтва СССР не задавалася сабе пытаннямі што рабілі іх суайчыннікі падчас грамадзянкай вайны ў Іспаніі, В’етнаме, Егіпце ці Афганістане. Усё гэта прыгожа апісвалася «інтэрнацыянальным абавязкам».У чым нашыя народы былі ім абавязаныя сваім жыццём, ніхто не можа патлумачыць дагэтуль.

Затое асабіста я лічу што цяпер для беларусаў такая сапраўдная інтэрнацыянальнай салідарнасць адбываецца не дзесьці ў Афрыцы, ці на Блізкім Усходзе, а тут, у нашых суседзяў-украінцаў. Крамлёўская ўлада развязала чарговую братазабойчую вайну. Па поклічу сэрца яшчэ ў часы Еўрамайдану ва Украіну прыехалі дзясяткі беларусаў, якія пабачылі ўсю несправядлівасць, якая адбывалася ў той час ва Украіне, яны бачылі яскравыя паралелі рэжыму Януковіча і цяперашняга рэжыму ў нашай краіне. Аднак перамога майдану сталася і пачаткам вайны на ўсходзе Украіны, і шмат якія беларускія патрыёты не змаглі пакінуць у гэты цяжкі час братні народ, прыехалі і новыя.

Гэтыя людзі цвяроза ўсведамляюць, што ад таго, ці Украіна пераможа ў гэтай бязлітаснай вайне, залежыць наўпрост і будучыня Беларусі, ці «рускі мір» не паглыне нас наступнымі. Ахвяруючы сваім жыццём, яны могуць цвёрда разлічваць на ўзаемную салідарнасць і падтрымку ўкраінскага народу».

Песня «Не здавайся!» і музыка, якая гучыць у фільме, напісаная Алесем Чаркашын, бардам, беларускім валанцёрам-капеланам на Украіне, з якім рэжысёр пазнаёміўся на фронце.


Жаўнер з пазыўным «Білорус» не мае ўкраінскага грамадзянства, і з прававога гледзішча ягонае знаходжанне на фронце нелегальнае. Ён не можа разлічваць ні на ўзнагароды, ні на пенсію. За далейшым лесам «Білоруса» ды іншых нашых суайчыннікаў, якія змагаюцца на Украіне, можна сачыць тут.

belsat.eu