Беларусь развіталася з Арленам Кашкурэвічам
28 жніўня ў Мінску, у Палацы мастацтва адбылося развітанне з выбітным беларускім графікам, народным мастаком Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Арленам Кашкурэвічам (15.09.1929, Мінск — 26.08.2013).
Апошняя праца Арлена Кашкурэвіча — малюнак “Чалавек і восень”
Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Леанід Хобатаў падкрэсліў, што творчасць Арлена Кашкурэвіча “рэвалюцыйна” змяніла беларускую графіку. “Гаворка ідзе пра яго духоўны ўнёсак, стылістыку, незалежнае мышленне, культуру, паслядоўнікаў і стварэнне айчыннай школы графікі, вядомай ва ўсім свеце”, — сказаў Хобатаў. Ён адзначыў, што Арлен Кашкурэвіч паважаў і цаніў кожнага мастака і кожнага творчага чалавека. Намеснік старшыні БСМ выказаў упэўненасць, што творчасць і імя мастака зоймуць пачэснае мейсца ў гісторыі беларускай культуры.
Выступае Леанід Хобатаў
Вядомы беларускі скульптар Алесь Шатэрнік назваў Арлена Кашкурэвіча вялікім мастаком, беларускім Альбрэхтам Дзюрэрам (нямецкі жывапісец і графік, найвыбітнейшы еўрапейскі майстар ксілаграфіі канца XV – XVI стагоддзяў), найбольш значным з айчынных мастакоў мінулага стагоддзя.
Выступоўцы адзначалі незвычайную інтэлігентнасць мастака — яго сціпласць, даступнасць, павагу і любоў да людзей, шчырасць, сумленнасць і праўдзівасць, вернасць ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння.
Сябры вялікага мастака
Пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту Арлен Кашкурэвіч працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Асноўныя творы: серыі “Партызаны”, “Аэрапорт”, “Майстры”, “Горад”, “Блакада”, “Асветнікі”, “Гэта мілае гарадское жыццё…”, “Святыя зямлі беларускай”, “Напалм”, “Прысвячэнне Васілю Быкаву”, ілюстрацыі да кніг Янкі Купалы, Алеся Адамовіча, Міколы Гусоўскага, Іагана Гётэ, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, “Новы запавет” і Найвышэйшая песня Саламонава”. Выстаўляўся з 1959 года. Творы мастака экспануюцца ў музеях і галерэях Беларусі, Расіі, Македоніі і Нямеччыны. Кніжныя ілюстрацыі Кашкурэвіча адзначаны шматлікімі дыпломамі і прэміямі за лепшае афармленне кнігі. Выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, быў прафесарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.
Дарэчы, каля труны Арлена Кашкурэвіча была выстаўлена ягоная апошняя праца — малюнак “Чалавек і восень”.
.