Бітва на дудах у цэнтры Мінска (фота, відэа)

У мінскай кавярні «Грай» 22 лютага прайшоў дударскі батл. Частка музыкаў грала «за этнаграфію», а частка — «за Сярэднявечча».

2018_02_22_dudklub_a._ljaszkevicz_0049_logo.jpg


Вечарыны Дударскага клуба з учорашняха дня пераехалі з клуба «Бруге», дзе распачаўся сезон 2017-2018, у самы цэнтр Мінска — кавярню «Грай». Сутнасць канфлікту між этнаграфічнай і сярэднявечнай фракцыямі — у духу невырашальнай дылемы «Каго ты больш любіш, маму ці тату?».

Беларускае дударства не захавалася ў жывой народнай традыцыі, аднаўлялася гарадскімі аматарамі з 1980-х. Частка музыкаў шукала старыя запісы, выявы, апытвала ў экспедыцыях сведак грання на дудзе (саміх дудароў заспець не атрымалася). Паслядоўнікі гэтай плыні імкнуцца граць «этнаграфічна», маюць «народны» рэпертуар.

2018_02_22_dudklub_a._ljaszkevicz_0141_logo.jpg


Другая плынь, «сярэднявечная», мае карані збольшага ў папулярнасці нямецкага гурта In Extremo. Самі дуды і мелодыі, што на іх выконваюцца, маюць больш «фэнтэзійны» характар. Не, нямецкі дудльзак, на ўзор якога робіцца большасць інструментаў гэтай плыні, таксама адноўлены па гістарычных крыніцах, а сярэднявечныя мелодыі існуюць у нотных запісах. Проста праз большы, у параўнанні з «этнаграфічнай» плынню, час між колішнім граннем і сённяшней рэканструкцыяй прастора для варыяцый таксама большая.


2018_02_22_dudklub_a._ljaszkevicz_0160_logo.jpg



Як адрозніць «сярэднявечнага» дудара ад «этнаграфічнага»?


Шлях першы: магчыма, у першага бурдон ці бурдоны (трубка дуды, што стварае ніжні гук) будзе ляжаць на плячы. А ў другога боўтацца дзесьці ззаду з рознай ступенню інтэнсіўнасці. Але гэта недакладна. Дудар з бурдонам, што боўтаецца, можа граць і «за сярэднявечча», як Мікола Столяр і Віктар Лагацкі на ўчорашняй вечарыне. А ў «этнаграфічнага» дудара бурдон можа і не боўтацца, а ляжаць на руцэ, як учора ў Віталя Воранава. Гэта шлях грання, быццам бы характэрны для яго родных мясцін, Глыбоччыны.



Шлях другі: рэпертуар. З аднаго боку, народныя танцы і сярэднявечныя. Што тут складанага? Але-але. Беларускія народныя танцы можна выканаць і на «сярэднявечнай» дудзе. Ці на «этнаграфічнай», але ў складзе медываль-гурта, як Зміцер Сасноўскі ў «Старым Ольсе». Яшчэ ёсць «танцы народаў свету», кшталту французскай «Брэтонкі», «Джыгі па коле» нявызначаннага паходжання, ці шатландскага «Gay gordons», якія стала атабарыліся ў рэпертуары беларускіх «медзівальшчыкаў». Але калі прыедзе дудар з краіны паходжання і зайграе такія танцы ў характэрнай для сваёй радзімы манеры, то гэта ўжо будзе ніяк не Сярэднявечча. А прыехаць гіпатэтычны дудар вельмі нават можа: 4-6 траўня ў Глыбокім адбудзецца фестываль «Дударскі рэй», на які запрошаны музыкі з усёй Еўропы.

Карацей, бяда-бяда, у нашай краіне ні ў чым нельга быць упэўненымі.


Дык як праходзіў і чым скончыўся батл?

Выходзіла група музыкаў ці сола-выступоўцы, канферансье, Яўген Барышнікаў, іх прадстаўляў і пытаўся, за якую фракцыю яны граюць: «этнаграфічную» ці «сярэднявечную». Пасля няпростых роздумаў дылема зрэшты вырашалася і пачыналіся танцы.



Публіка «галасавала» рублём: можна было пакласці грошы «за фольк» у «этнаграфічны» бот, а «за медываль» — у рэканструкцыю сярэднявечнага. Спачатку планавалася, што танцоры будуць галасаваць нагамі, але праз складанасці методыкі падліку, дзеля забеспячэння празрыстасці «выбарчага працэсу» і якога-ніякога ганарару музыкам (уваход на вечарыны вольны) спыніліся на грашовым варыянце. 


Дударскі клуб: жэняцца ўсе! (відэа)


У выніку «за Сярэднявечча» сабралі амаль 27 рублёў, а «за этнаграфію» — троху больш за 42 рублі (адзін з іх дзіравы), 5 даляраў і адну нарвежскую крону. Прымаліся любыя валюты, як вы разумееце. Выходзіць, народныя танцы публіка любіць амаль у два разы мацней за сярэднявечныя. Яўген Барышнікаў, адзін з заснавальнікаў Дударскага клуба, распавядае, што гэта трэці на яго памяці падобны батл, і «этнаграфічны» накірунак заўсёды перамагаў.


Глядзіце таксама: танцы ў лесе пад дуду (фота, відэа)


Танцы пад дуду будуць праходзіць у кавярні «Грай» амаль штосераду да канца красавіка. Па нядзелях там жа можна будзе патанчыць пад гармонік.

***
Дударскі клуб — гэта нефармальнае аб’яднанне майстроў, што робяць дуды, музыкаў, якія на іх граюць, а таксама тых, хто гэтым майстрам і музыкам спачувае: танцораў, напрыклад. Персанажы «я не танчу, я толькі паслухаць» таксама сустракаюцца. Сёлета — восьмы зімовы танцавальны сезон. Улетку праходзяць танцы на вольным паветры, на так званым Карчы. Цяпер гэта пляцоўка ў лесе недалёка ад метро «Барысаўскі тракт». Дударскі клуб мае патрэбу ў сродках, каб уваход заставаўся вольным, а на вечарыны можна было запрашаць гурты з выступам (хаця прынцып «вольны мікрафон», як цяпер, — гэта таксама весела). Падтрымаць Дударскі клуб можна праз «Талаку».



Фота і відэа аўтаркі