Больш ніколі
У франкамоўным (ды ня толькі) музычным сьвеце адбылася значная падзея — зьявіўся новы сынгл францускай караліцы поп-музыкі Мілен Фармэр з сумнява-аптымістычным пасланьнем «Больш ніколі» (À tout jamais). Сынгл папярэднічае новаму альбому, які зьявіцца да канца 2022 году.
![mylene_farmer_1024x564.jpg mylene_farmer_1024x564.jpg](/img/v1/images/mylene_farmer_1024x564.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Такім парадкам, пасьля некалькі год маўчаньня француская зорка вяртаецца з новым альбомам і, у дадатак, з новым турнэ «Nevermore» у 2023 годзе. У новым альбоме Мілен Фармэр задзейнічаныя іншыя славутыя музычныя зоркі: Woodkid, AaRON, Moby.
Вайна ва Ўкраіне прывяла да таго, што музыка анулявала канцэрты ў Расеі, дзе традыцыйна яе вельмі шануюць і чакаюць. Стрыманая і сакрэтная Фармэр дасюль не выказалася наконт вайны, але паездку ў Расею анулявала. На крытыку маўчаньня зоркі з нагоды вайны ейныя агенты высказаліся коратка: «Сьпявачка ня словам, а справай выказала сваю пазыцыю».
Новы сынгл «Больш ніколі» апускае нас у вядомы тужлівы сьвет сьпявачкі, якая ўпарта супрацьстаіць гвалтоўнаму сьвету і абдорвае слухацтва аптымізмам і ўпэўненасьцю. Не зважаючы на сучасную барбарыю: шал кавіду і вайны, распачатай Расеяй, спробу забойства ейнага добрага сябра Салмана Рушдзі, Мілен Фармэр знаходзіць сілы да творчасьці, якой яна цягам 38 год падбадзёрвае мільёны сваіх слухачоў.
![atj3.jpg atj3.jpg](/img/v1/images/atj3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вядома, тэксты да сваіх кампазыцыяў сьпявачка піша сама. Яна лічыцца вельмі субтыльнай, часта ўпадніцкай, але ж усё гуманісцкай паэткай. І гэтым разам словы песьні ўражваюць і дораць спадзеў, што больш ніколі набліжэньне да катастрофы не паўторыцца. Сьпявачка стамілася ад «гульні масак і звыклых выбачэньняў людзей», якіх катастрафічна не дастаткова цяпер, і сьмела праклінае барбарыю, пасылаючы ўсіх ейных дэманаў у пекла, праўда, да гэтага паслаўшы іх груба па-ангельску куды падалей. Хоць і шакаваная сьпявачка гвалтам сьвету, які прывёў да таго, што «роднасныя душы згубілі сэрца», усе ж яна аптымістычна завяршае кампазыцыю: «Я больш не баюся, хіба толькі застаецца ванітны спазм».
Цікава, што назва самотніка Мілен Фармэр «Больш ніколі» так натуральна кладзецца на Беларусь апошніх двух гадоў: пасьля 2020 году мы таксама жывем з думкай, марай і дэвізам «Больш ніколі». Разам з сьпявачкай хочацца верыць у гэтае «больш ніколі» і ў бліжэйшы час мець сілы ўсё пачаць нанава.