«Brutto»: канец забаронам ці чарговая спроба?

У сеціве з’явілася фота гастрольнага пасведчання канцэрта гурта Сяргея Міхалка «Brutto». Мерапрыемства павінна адбыцца 29 кастрычніка ў гомельскім Лядовым палацы спорту. Гэта ўжо не першая спроба Міхалка выступіць на радзіме.

brutto_2.jpg


Саліст легендарнага гурта «Ляпис Трубецкой» Сяргей Міхалок не выступаў на беларускай сцэне з 2011 года. Як вядома, музыка перастаў быць «ляпісам», і ў верасні 2014-га разам з Віталём Гурковым стварыў свой новы праект «Brutto».

Першы выступ «Brutto» ў Беларусі павінен быў адбыцца яшчэ ў лістападзе 2014 года. Тады на афіцыйным сайце хакейнага клубу «Дынама Мінск» з’явіўся анонс выступу калектыву Міхалка 29 лістапада на «Мінск-Арэне» перад гульнёй з харвацкім «Медзвешчакам». Аднак у той жа дзень з’явілася інфармацыя, што выступу не будзе. «Мы вельмі хацелі, каб на «YouTube» з'явіліся дзясяткі відосаў, як Міхалок з братвой спявае «Наша возьме» ў «Мінск-Арэне». Нумар амаль прайшоў. Будзем спрабаваць патрапіць на Дажынкі», — адрэагаваў тады на адмову мастацкі кіраўнік гурта.

Зрэшты, на Дажынках Міхалка таксама не было. Стала зразумела, што «Brutto» таксама трапіў у «чорныя спісы».

Але ў лютым 2015 года міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў на прэс-канферэнцыі распавёў пра адсутнасць забароненых музыкаў. «Ніякага чорнага спісу музыкаў няма, у міністэрства ніхто не тэлефануе з рэгіёнаў і не пытае дазволу, выдаваць пасведчанне таму ці іншаму калектыву ці не», — запэўніў міністр.

Напачатку 2016 года лідар «Brutto» звярнуўся да Міністэрства культуры з просьбай дазволіць канцэрт у Мінск. «Дайце нам магчымасць зрабіць канцэрт у спарткомплексе «Арэна» ў самы нязручны час. Не перашкаджайце нам і дайце магчымасць пагутарыць з фанатамі, якія стаміліся ганяць за намі па ўсёй Еўропе», — напісаў Міхалок у звароце. Музыка паабяцаў усе атрыманыя грошы аддаць на развіццё мінскіх Дома міласэрнасці і Дома інвалідаў, якія клапаціліся пра яго бацьку. Ён заявіў, што чакае дакладнага і выразнага адказу ад чыноўнікаў. Адначасова 1 лютага Міхалок падаў заяву ў Мінгарвыканкам на атрыманне гастрольнага пасведчання для правядзення канцэрта ў «Мінск-Арэне».

Грамадскасць зноў стала казаць пра магчымасць правядзенне канцэрта «Brutto» вясной, а арганізатары пачалі шукаць пляцоўку для яго правядзення. «Я гутарыла з начальнікам канцэртнага аддзела «Мінск-Арэны». Мне сказалі, што ў маі свабодных датаў практычна няма, але ёсць непацверджаныя мерапрыемствы, якія могуць адмяніць. Даты ў чэрвені таксама прапанаваць не змаглі. Таму я напісала ліст з просьбай разгледзець магчымасць арэнды ў чэрвені-маі гэтага года і па форме адправіла на імя генеральнага дырэктара пляцоўкі», — распавядала Марыя Калеснікава, арганізатарка канцэрта.

Была абвешчана дата доўгачаканага выступу ў Мінску — 27 мая. Пляцоўкай мусіў стаць Палац спорту, а таксама планавалася правесці тур па гарадам Беларусі. Міхалок прыехаў у Мінск 15 лютага, каб асабіста забраць гастрольнае пасведчанне.

Але 2 сакавіка Мінгарвыканкам адмовіў «Brutto» ў гастрольным пасведчанні, патлумачыўшы рашэнне тым, што 27 мая ў Палацы спорту запланаваны мантаж-дэмантаж абсталявання пасля канцэрта гурта «Звери». Свабодную дату так і не знайшлі, і чарговы выступ Міхалка у Беларусі не адбыўся.

Дарэчы, пад забаронай Міхалок быў не толькі ў Беларусі. Праз пазіцыю Міхалка па Украіне выступы «Brutto» забаранялі і ў Расіі. Было адмена некалькі канцэртаў у Пскове, Цюмені, Самары. Таму ў студзені 2015 года музыкі сустрэліся з міністрам культуры Украіны і папрасілі аб накіраванні запыту на прадастаўленне віду на жыхарства. У маі 2015-га Міхалок яго атрымаў.


Фота: dmsu.gov.ua

Фота: dmsu.gov.ua


Магчыма, гэтым разам Міхалок усё ж зможа адыграць канцэрт на радзіме. Прынамсі гэтым летам упершыню за некалькі гадоў на гарадскіх афішах Мінска з’явіліся постары пра выступ «Brutto-Lyapis» і «Крамбамбулі» на фестывалі «Партызан рок», які пройдзе 5 лістапада ў Варшаве. Раней такія аб’явы можна было пабачыць толькі на незалежных сайтах.

Ці адбудзецца канцэрт 29 кастрычніка ў Гомелі? Пытанне застаецца адкрытым. Але іншае адгалінаванне «Ляпис Трубецкой» — гурт «Trubetskoy» — упершыню выступіў у Беларусі менавіта там.