«Час жанчын»

У Тэатры Польскім у Варшаве адбылася прэм’ера спектаклю «Час жанчын» пра сітуацыю ў Беларусі, паведамляе сайт charter97.org. Спектакль прысвечаны палітычным зняволеным, якія працягваюць знаходзіцца ў турмах Беларусі.



06fb3cba82080bf8f3721739019d6792.jpg

У Тэатры Польскім у Варшаве адбылася прэм’ера спектаклю «Час жанчын» пра сітуацыю ў Беларусі, паведамляе сайт charter97.org. Спектакль прысвечаны палітычным зняволеным, якія працягваюць знаходзіцца ў турмах Беларусі.


«Час жанчын» — гісторыі шасці беларусак: сястры былога палітвязня, кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Багданавай, лідара кампаніі «Мы памятаем» Ірыны Красоўскай, рэдактара сайту charter97.org Натальлі Радзінай, журналісткі «Новай газеты», жонкі Саннікава Ірыны Халіп, дырэктара Беларускага Свабоднага тэатру Наталлі Каляды, дачкі былога палітвязня Змітра Бандарэнкі Юліі. У спектаклі ёсць толькі адзін мужчына, правобразам якога сталі драматург Мікалай Халезін і былы палітвязень Зміцер Бандарэнка.


Ірына Халіп і Натальля Радзіна былі арыштаваныя ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, прайшлі праз турму КДБ. Наталля Каляда была затрыманая і мусіла ўцячы з краіны. Муж Ірыны Красоўскай — бізнэсовец і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі — быў выкрадзены і забіты. Ірына Багданава і Юлія Бандарэнка змагаліся за вызваленне сваіх блізкіх з-за кратаў.


У выніку журналісткам, кандыдату навук, лекару-псіхатэрапеўту, выпускніцы Ягелёнскага ўніверсітэта і кіраўнікам Свабоднага тэатру давялося заняцца палітыкай, каб звярнуць увагу еўрапейцаў на лёсы палітвязняў.


Спектакль у адным з вядучых тэатраў Польшчы паставіў кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін. На аснове п’ес «Пакаленне Джынс» Мікалая Халезіна і «Ім сніліся сны» Наталлі Каляды быў створаны зусім новы твор. У спектаклі гралі вядомыя польскія акторы Эва Макомаска, Анна Чэсьляк, Марта Аляборска, Малгажата Ліпман, Лідзія Садова, Адам Бяджыцкі, Марта Кужак.


На прэм’еру прыехалі ўсе гераіні п’есы, акрамя Ірыны Халіп, якой судовым прысудам забаронена пакідаць тэрыторыю Беларусі, але ў Варшаву прыехаў яе муж — кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які нядаўна выйшаў з турмы пасля паўтара года зняволення, і яе бацькі — Люцына Бяльзацкая і Уладзімер Халіп. У Варшаве Андрэй Саннікаў упершыню пасля вызвалення змог нарэшце сустрэцца са сваёй сястрой — Ірынай Багданавай. Разам з дачкой спектакль глядзеў і Зміцер Бандарэнка, які толькі два месяцы таму выйшаў на волю.


«Час жанчын» глядзеў таксама дарадца прэзідэнта Польшчы Гэнрык Вуец, і дэпутат Еўрапарламенту Марэк Мігальскі, які актыўна змагаецца за вызваленне беларускіх палітвязняў.
 

Паводлеwww.svaboda.org