Ці будзе дыскваліфікаваны фаварыт беларускага адбору на «Еўрабачанне»?

У фінал беларускага адбору на «Еўрабачанне 2018» трапілі 11 канкурсантаў. Сярод іх — украінец Мікіта Аляксееў (Alekseev).

39_main_new.1515590852.jpg


Хлопец спачатку вылучаўся на радзіме, але 26 снежня, у апошні дзень падачы заяўкі на беларускі адбор, вырашыў прадстаўляць нашу краіну. На наступны дзень Аляксееў зняўся з украінскага конкурсу. Мажліва, ад спевака адвярнуліся ва Украіне? Мікіта — часты госць у Расіі і нават выступаў на «Блакітным агеньчыку» ў прысутнасці прапагандыста Дзмітрыя Кісялёва. Верагодна праз гэта Аляксееў вырашыў выступіць пад сцягам Беларусі?

Але гэта далёка не першы казус. Інтэрнэт-карыстальнікі яшчэ перад праслухоўваннем заўважылі, што Аляксееў ужо выконваў сваю конкурсную кампазіцыю Forever у траўні 2017-га, але на рускай мове. Да 1 верасня 2017 года прадстаўленне песні ў любым камерцыйным выглядзе забаронена правіламі самога «Еўрабачання». Тады спявак і яго менеджэры адказалі тым, што рускамоўная песня «Навсегда» адрозніваецца, як гучаннем, так і аўтарствам ад Forever. Але паслухайце самі. 



Нязгодныя з Аляксеевым і большасць астатніх беларускіх канкурсантаў. Шэсць удзельнікаў беларускага адбору напісалі калектыўны ліст Белтэлерадыёкампаніі. «Мы не лічым магчымым удзел у фарсе, на які будзе падобны фінал нацыянальнага адбору, у выпадку з'яўлення ў ім артыста Аляксеева. Наш удзел, безумоўна, нанясе нам рэпутацыйную шкоду, абразіць наш гонар і чалавечую годнасць», — гаворыцца ў лісце. Музыкі палічылі сябе «статыстамі», бо пытанне з пераможцам «ужо вырашана». Прычым кожнаму фіналісту трэба прадэманстраваць шоў і выкласці за яго немалую суму.

Аднак гэты зварот можна разглядаць як і знішчэнне галоўнага канкурэнта. Шанцы ў гэтай шасцёркі не надта вялікія. Ніхто з іх так моцна не вядомы, як украінскі выканаўца. А гэта важна для перамогі на адборы і ў далейшым ужо ў Партугаліі.


67ff84cd5a56c86cb3b491f4c1c4b893.jpg


Апоўдні 16 студзеня прайшло лёсаванне ўдзельнікаў фінала. Пакуль усе на месцы. Можа Аляксееў проста зменіць песню? Правіламі самога «Еўрабачання» гэта не забаронена, тады ўсе бакі канфлікту мусяць прыйсці да прымірэння.


Хто можа прадставіць Беларусь, калі не Аляксееў?

Калі ўсё ж украінца дыскваліфікуюць, то фаварытам можа стаць Shuma. Па-першае, беларуская мова ўжо гучала на песенным конкурсе. Naviband нядрэнна прадставіў Беларусь у 2017 і ўвайшоў у топ-20, што для нашай краіны важна. Ды потым сам гурт Shuma, як і яго салістка Руся, на слыху ў беларусаў. Спалучэнне архаічных спеваў і сучаснай музыкі мусіць зайсці і еўрапейцам. Да таго калектыўнага ліста Shuma не далучылася, што можна таксама згуляць ролю.


На конкурс гурт падаў кампазіцыю «Хмаркі». Да адбору яна шырока нідзе не гучала. Так што паўнавартасна ацэньваць толькі па аднаму выканню на праслухоўванні вельмі цяжка. Ні поўнага вакалу, ні фірмовых касцюмаў, ні артыстызму — галоўных фішак Shuma не было. Усё гэта будзем чакаць у фінале. Варта спадзявацца на шоў з поўным паглыбленнем у атмасферу калектыва. Але нават з голай песняй Руся глядзелася лепей большасці выканаўцаў.

Shuma, фота аўтара

Shuma, фота аўтара

Пераможцу выберуць 16 лютага. А вы верыце ў празрыстасць нацыянальнага адбору?