Чацвёрты этап MOVABOX прадстаўляе Андрусь Горват!

Каб прыняць эстафету ад Віктара Жыбуля, 16 сакавіка Андрусь Горват прыехаў у Мінск, пакінуўшы ў Прудку цяжарную казу.

удзельнік папярэдняга этапу — Віктар Жыбуль

удзельнік папярэдняга этапу — Віктар Жыбуль


З гэтай нагоды ў Купалаўскім тэатры ладзілася нефармальная прэс-канферэнцыя, галоўная мэта якой была данесці думку пісьменніка, што Космас, які мы часта шукаем, знаходзіцца ўнутры нас.Чаму Купалаўскі тэатр? Бо менавіта сюды з дыпломам журналіста на руках Андрусь прыйшоў уладкоўвацца на працу… дворніка. Гэта былі першыя спробы пошуку Космасу для маладога чалавека.

Андрусь Горват пасля падмятання вуліцы

Андрусь Горват пасля падмятання вуліцы

Для журналістаў правялі тэатральны квэст па Купалаўскім — маладыя акцёры разам з Андрусём паказалі сувязь пісьменніка з тэатрам — пачынаючы ад спроб уладкавання на працу і заканчваючы звальненнем з яе. Пад чытанне акцёрамі ўрыўкаў з кнігі Горвата, творца зноў паказаў, у які кабінет ён уваходзіў, каб уладкавацца на працу, у якім душы мыўся і якую пляцоўку падмятаў, тым самым узгадаўшы на момант сваё жыццё некалькі гадоў таму.

Андрусь Горват — чацвёрты ўдзельнік сацыяльна-культурнага праекта кампаніі velcom MOVABOX, па творчасці якога ўжо складзены новы тэст па новай кнізе. Калі зайсці на сайт MOVABOX, то ўжо можна прайсці тэст ад Горвата, зарэгістравацца і мець магчымасць трапіць у лік 20 шчасліўчыкаў уладальнікаў бокса з артэфактамі, прысвечанымі Космасу, на пошукі якога накіраваўся ў свой час аўтар. Калі прайсці тэст Андруся, то прыйдзе адказ на пытанне: якім чынам можна дасягнуць свайго беларускага космасу?

Прудок на сувязі

Прудок на сувязі


Па традыцыі, кожны аўтар праекта асабіста прэзентуе артэфакты. Але сённяшняя сустрэча не абышлася без сюрпрызаў. На крэсле стаяла радыё, якое нібыта злучала нас з вёскай-гераіняй кнігі Горвата. Праз радыё Андрусь каментаваў тое, што напаўняе каробку-прыз. Паклаў туды пакецік з насеннем касмеі. “Я проста люблю, калі нешта малое схаванае ў вялікім, — тлумачыў такі выбар Андрусь, — Напрыклад, многія ведаюць, што ў мяне ёсць каза. І зусім хутка яна народзіць. І я спадзяюся, што гэта будзе не казёл. Тут таксама малое схаванае ў вялікім”.

Таксама Анрдусь падрыхтаваў для падарункаў плітку шакаладу, маленькія граблі, якімі можна расчэсваць свае валасы і думаць пра космас, керамічны кубак і свістульку-казу з гліны. У гэтых сімвалах зашыфраваны рэцэпт спасціжэння жыццёвага сэнсу ад Андруся Горвата.

Андрусь мог пакантактаваць з усімі ахвочымі

Андрусь мог пакантактаваць з усімі ахвочымі


Канчатковыя вынікі першага этапу праекта MOVABOX ад velcom будуць падведзеныя праз пяць тыдняў, калі арганізатары прадставяць дадзеныя апытання грамадскай думкі, якое прадэманструе, якім чынам MOVABOX паўплываў на ўспрыманне сучаснай беларускай літаратуры.

Нагадаем, што праект MOVABOX накіраваны на тое, каб паказаць беларусам вартасць беларускай літаратуры. Калі арганізатары праводзілі апытанку сярод беларусаў, то большасць з апытаных адказала, што  беларуская літаратура — гэта літаратура пра Вялікую Айчынную вайну, гісторыю, каханне і жыццё на вёсцы.

Фрагмент тэатральнага квэсту

Фрагмент тэатральнага квэсту


Сярод іншых праектаў velcom у галіне беларускай літаратуры — адукацыйная ініцыятыва “Чытаем па-беларуску з velcom”, праект “Музей дзецям з velcom” сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем, падтрымка праграмы “Падарожжа дылетанта” і іншыя. Інфармацыйны партнёр праекта MOVABOX — грамадска-культурная кампанія “Будзьма Беларусамі!”. Партнёры праекта — партал беларускіх электронных кніг kniharnia.by і бясплатныя курсы беларускай мовы “Мова нанова”.