Дапаможам усталяваць помнік Міндоўгу ў Навагрудку!

Працягваецца збор грошай на конны помнік князю Міндоўгу ў Навагрудку. Як паведамляе Еўрарадыё, патрэбна яшчэ 18 тысяч рублёў.

Так будзе выглядаць помнік

Так будзе выглядаць помнік

Цяпер ідзе другі этап стварэння помніка, расказаў Еўрарадыё старшыня навагрудскага аддзялення ТБМ Дзмітрый Солтан. Папярэдні праект помніка з эскізам быў ухвалены, скульптары Сяргей Бандарэнка і Павел Лук ствараюць працоўную мадэль помніка.
«Паралельна са стварэннем мадэлі мы збіраем грошы на канчатковую праектна-каштарысную дакументацыю, архітэктурны план, макет у натуральную велічыню ды іншыя падрыхтоўчыя рэчы. На сённяшні дзень выканкамам і людзьмі папярэдне сабрана 8200 рублёў на гэтыя працы, але патрабуецца яшчэ 18 000 рублёў. Каб праца над помнікам ішла інтэнсіўна і бесперапынна, мы, беларусы, мусім сабраць гэтыя грошы. Ніхто акрамя нас гэта не зробіць», — падкрэсліў Солтан.
Вялікая бронзавая конная скульптура Міндоўга ўпрыгожыць цэнтральную плошчу Навагрудка. Яе ўстаноўка ўхваленая Міністэрствам культуры.

Мадэль, над якой працуюць скульптары

Мадэль, над якой працуюць скульптары

Рэквізіты для ахвяраванняў:
Аддзел культуры Навагрудскага райвыканкамаУНП 500031377 у ЦБП № 416 г. Навагрудак філіял № 413 ААТ «АСБ Беларусбанк», г. ЛідаБІК AKBBBY21413BY72AKBB36425210006224200000 (з пазнакай «На стварэнне помніка Міндоўгу»)
Міндоўг (1195-1263) быў стваральнікам і першым князем Вялікага княства Літоўскага. Ён стаў першым і апошнім каралём ВКЛ, атрымаўшы гэты тытул ад Рымскага Папы.
Паводле euroradio.fm