Дуэт Uzari & Maimuna адпраўляецца на конкурс «Еўрабачанне-2015» у Вену

Дуэт Uzari & Maimuna разам з беларускай дэлегацыяй 10 мая адпраўляецца ў Вену (Аўстрыя) для ўдзелу ў міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2015».



uzari.jpg

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Белтэлерадыёкампаніі, артысты вязуць на конкурс кампазіцыю Time, з якой пад 11-м нумарам выступяць у першым паўфінале 19 мая.
12 мая дуэт правядзе першую індывідуальную рэпетыцыю на сцэне Венскай гарадской залы, 15 мая адбудзецца другая рэпетыцыя і прэс-канферэнцыя. Увечары 17 мая беларускія канкурсанты разам з іншымі артыстамі прымуць удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця конкурсу ў венскай ратушы.
Дуэт Uzari & Maimuna - гэта выканаўца, кампазітар і аранжыроўшчык мінчанін Юрый Наўроцкі (Uzari), якому 11 траўня споўніцца 24 гады, і 35-гадовая скрыпачка Маймуна, ураджэнка Санкт-Пецярбурга, у жылах якой цячэ беларуская, украінская, іспанская і афрыканская кроў. Абодва яны - дасведчаныя музыканты, удзельнікі міжнародных конкурсаў. Права выступаць на «Еўрабачанні» атрымалі па выніках нацыянальнага адборачнага тура.
60-ы конкурс «Еўрабачанне» пройдзе ў Вене 19-23 мая пад слоганам «Узводзячы масты». У гэтым годзе ў ім возьме ўдзел рэкордная колькасць краін - 40. У лютым арганізацыйная група «Еўрабачання» і тэлевізійны камітэт Еўрапейскага вяшчальнага саюза прынялі рашэнне дапусціць да ўдзелу ў юбілейным конкурсе Аўстралію. Прадстаўнік гэтай краіны выступіць адразу ў фінале конкурсу, як і прадстаўнікі краін - заснавальніц конкурсу і Аўстрыі, якая выйграла леташняе «Еўрабачанне». Беларусь прымае ўдзел у конкурсе 12-ы раз.
Акрамя удзельнікаў конкурсу на «Еўрабачанні» будуць прысутнічаць каля 1.300 членаў дэлегацый краін-удзельніц, а таксама каля 1.700 журналістаў.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу конкурсу будуць весці тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24». Каментаваць шоу будзе журналіст Яўген Перлін. У фінале, які адбудзецца 23 траўня, балы ад Беларусі аб'явіць спявак Тэа - беларускі ўдзельнік леташняга «Еўрабачання».
Вынікі галасавання краіны на «Еўрабачанні» складваюцца напалову з галасоў тэлегледачоў і нацыянальнага журы. У склад журы ад Беларусі ў гэтым годзе ўвайшлі дырэктар тэлеканала «Беларусь 2» Наталля Марынава (старшыня журы), спявак, кампазітар і шоўмэн Віталь Карпанаў, эксперт у сферы культуры і мастацтва Аксана Арцюшэўская, спявак і трэнер па вакале Аляксей Грос, спявачка і кампазітар Іскуі Абалян, а таксама тэлевядучы і прадзюсар Дзмітрый Карась ў якасці запаснога члена журы.
БелаПАН