«Дзе ты, мая Анечка?»: выйшаў «самы інтымны кліп» Лявона Вольскага
Сямейны архіў Лявона Вольскага з мноствам раней не публікаваных здымкаў выкарыстаны ў відэа на песню «Цёплае мінулае». Рэжысёр кліпа — Мацвей Сабураў.
«Для мяне гэта не характэрная настальгічная песня, — распавядае Вольскі пра песню з новага альбому “Псыхасаматыка”. — Напісаў яе на пачатку году. Быў сумнаваты зімовы настрой. А два апошнія радкі запісаў ужо пазней».
Ідэя кліпу прыйшла супольна, абмяркоўвалі яе разам з прэс-аташэ музыкі Змітром Безкаравайным і рэжысёрам Мацеем Сабуравым.
«Песня не толькі пра мяне, — кажа Вольскі. — Песня пра цэлае пакаленне. Мне ўвогуле падавалася, што яна фрагментарная, злёгку ілюстратыўная. Але па колькасці спампаванняў на Soundcloud відаць, што людзі неабыякава ставяцца да яе».
Раней не публікаваныя архіўныя здымкі, распавядае музыка, проста ляжалі ў кампутары ў старой тэчцы.
«Некаторыя адсканаваныя з плёнак, некаторых ужо няма нават фізічна, — кажа ён. — Давялося напружыцца дзеля кліпа, пашукаць».
«“Цёплае мінулае” — гэта песня, якая складаецца з фрагментаў, з кадраў. Вось перада мною двор на вуліцы Адоеўскага: бабулі і цёткі сядзяць на лаўках пры пад’ездах, нешта ці некага жвава абмяркоўваюць, дзеці гуляюць у пекара ці цюхі, мужчыны гуляюць у шахматы ці даміно за негабляваным дваровым сталом... Вось я еду на 23-м тралейбусе ў мастацкую школу. Вось я граю першыя канцэрты на электрааргане “Юность-75”... А вось кадры з мноства розных выступаў, кожны з якіх быў асаблівы і кожны па-свойму запомніўся... Вось мы з Ганнай абмяркоўваем канцэпцыю канцэрту ў пераходзе... Паміж напісаннем гэтай песні і запісам голасу на студыі мінула некалькі месяцаў. І ўжо той час, калі я ствараў гэтую песню, зрабіўся “цёплым мінулым”, бо цягам гэтых месяцаў жыццё кардынальна змянілася. Змяніўся я, змяніўся свет вакол мяне. І тое, што здавалася трывалым і непахісным, зрабілася цёплым настальгічным успамінам», — прадставіў гэтае відэа Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.
Новы альбом Лявона Вольскага «Псыхасаматыка» быў выкладзены ў сеціва 15 лістапада.
«Людзі мне вельмі дзякуюць за яго, — апісвае Лявон свае ўражанні ад таго, як альбом быў успрыняты слухачамі. — Можа таму, што ён больш шчыры, там больш душы».
«Пра будучыню казаць цяжка, — разважае Лявон у адказ на пытанне, што можа сказаць пра будучыню. — Нават калі нейкія паездкі плануеш, то жыццё ўносіць бязлітасныя карэктывы. Я гляджу па грамадска-палітычных падзеях, і бачу, што я не зусім кампетэнтны прадказваць будучыню. Асабіста мне хацелася б, каб усё было цёпла, светла, зіхотка і для нашай краіны, і для нас усіх. Каб усё было добра, камфортна, каб усе жылі ў радасці. Спадзяюся, мы да гэтага ідзем, толькі вельмі няпростым шляхам. Але ж мы і не казалі, што будзем выбіраць лёгкія шляхі».
Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 3 снежня ў Вільні і будзе складацца з двух аддзяленняў. Першае будзе прысвечана лірычным песням, другое — дынамічным рок-кампазыцыям. Прагучыць новы альбом «Псыхасаматыка», а таксама лепшыя песні з «Грамадазнаўства» (2014), іншых альбомаў і праектаў музыкі. Бясплатныя візы можна атрымаць пры падачы дакументаў не пазней за 24 лістапада.