#enjoysweden — Тыдзень шведскага кіно ў «Піянеры»

З 29 мая па 2 чэрвеня ў рамках Тыдня Швецыі ў Мінску ў кінатэатры «Піянер» (вул. Энгельса, 20) пройдзе Фестываль шведскага кіно. Уваход на фестываль вольны.

national_day_celebration.jpg


Квіткі на фільмы можна атрымаць бясплатна ў касе кінатэатра з 12.00 у дзень паказу.

Разам з кінафестывалем 29 мая ў фае кінатэатра «Піянер» адкрыецца шведская фотавыстава #enjoysweden (“Атрымай асалоду ад Швецыі!”), якая будзе працаваць да 11 чэрвеня.

#enjoysweden — гэта шведскі краўдсорсінгавы фотапраект, рэалізаваны праз сацыяльную сетку Інстаграм у 2013 годзе. Цягам года звычайныя людзі выкладвалі свае ўлюбёныя фотаздымкі з хэштэгам #enjoysweden. Ініцыятарамі праекта выступілі два браты са Швецыі — Альбін і Оскар Понерт. У іх не было вызначаных правілаў удзелу — кожны мог па-свойму даследаваць гэту тэму. Пасля таго, як было апублікавана 60 000 фотаздымкаў, прафесійнае журы вылучыла лепшыя, якія потым увайшлі ў выставу. Журы шукала цікавыя, незвычайныя, дзівакаватыя, цудоўныя, асабістыя інста-моманты, якія маглі б распавесці пра Швецыю.

29 мая а 18.30 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю і выставы з удзелам Пасла Швецыі Марціна Оберга і паказ мастацкага фільма культавага шведскага рэжысёра Лукаса Мудысана  “Мы лепшыя!” (2013).

_enjoysweden_1.jpg

Стакгольм, 1982 год. Фільм пра трох дзяўчат-падлеткаў, якія ад няма чаго рабіць бадзяюцца па вуліцах. Яны адначасова смелыя і задзірлівыя, моцныя і слабыя, дзівакаватыя і разгубленыя. Не маючы ўласных інструментаў, дзяўчаты ствараюць панк-гурт, нягледзячы на тое, што ўсе наўкола крычаць, што панк мёртвы.

30 мая а 19.00 запрашаем на дакументальную стужку Крысціны Ліндстром “Астрыд”  (2015).

_enjoysweden_2.jpg

“Піпі Доўгаяпанчоха”, “Эміль з Лёнэберга”, “Карлсан-з-даху”. Кнігі Астрыд Ліндгрэн прадаюцца 150-мільённым накладам, а сама яна ўваходзіць у дзясятку самых чытаных аўтараў свету. Але кім была Астрыд і адкуль пачынаюцца яе гісторыі?

31 мая а 19.00 будуць дэманстравацца кароткаметражныя шведскія фільмы: “Жывёлы, якіх я забіў мінулым летам” (2012), “Кветкі Бенжаміна” (2012), “Танцуй пад музыку цяпер” (2012), “Грыбок” (2010), “Вялікая паўночная гара” (2015), “Кіскі “руляць” (2013), “Мёртванароджаны” (2014), “Вось гэтак цяпер” (2012), “Распрані мяне” (2013).

_enjoysweden_3.jpg

1 чэрвеня а 19.00 запрашаем паглядзець фільм Джона О. Ульсана “Дзівосы Віскана”  (2015).

_enjoysweden_4.jpg

Б’ярнэ і Малін жывуць на беразе ракі Юнган і разам кіруюць фірмай па перавозках. Справы ідуць не вельмі добра, і ім трэба пазычыць грошы ў банку. Каб уратаваць фірму, Малін вырашае паехаць на іншы бераг да цесця і пераканаць яго стаць гарантам пазыкі. Пра гэта рашэнне ёй давядзецца потым моцна пашкадаваць.

2 чэрвеня а 19.00 Фестываль шведскага кіно завершыцца мастацкай стужкай Лізы Лангсэт “Гатэль” (2013).

_enjoysweden_5.jpg

Эрыка мае ўсё: добрую працу, шмат сяброў і надзейныя стасункі. Пакуль усё гэта раптоўна не разбураецца. Яна пачынае наведваць тэрапеўтычную групу, у якой збіраюцца людзьмі з рознымі душэўнымі траўмамі. Яны пачынаюць разам шукаць магчымасць ажыццявіць “перазагрузку”...

Паводле прэс-службы Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь



isweden.png