Эва Суса: «У Мінску адчуваю сябе крыху снежным чалавекам»
Снежны чалавек трапляе ў Беларусь, бо яго родную пячору
затапіла, а існаваць без снегу ён не дае рады. У заснежаным Мінску ён сустракае
беларускамоўную міліцыянтку, яе сёстраў, якія вараць кісель у парку Горкага...
У Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася прэзентацыя дзіцячай кніжкі “Снежны чалавек у Мінску”. На імпрэзу адмыслова прыехала сама шведская пісьменніца Эва Суса. Была таксама аўтарка ілюстрацый Кацярына Дубовік. Кніга выйшла ў дзіцячай серыі
Бібліятэкі Саюза пісьменнікаў “Каляровы ровар”.
Мінск — гэта чарговая “прапіска” снежнага чалавека, бо ранейшыя прыгоды шведскага асілка пісьменніца ўжо апісвала — для шведаў і па-шведскі. Перасяліць свайго персанажа ў беларускую сталіцу Эву натхніла падарожжа ў нашу краіну падчас прэзентацыі папярэдняй кнігі з серыі ў перакладзе на беларускую мову.
Паводле сюжэту, снежны чалавек трапляе ў Беларусь, бо яго родную пячору затапіла, а існаваць без снегу ён не дае рады. У заснежаным Мінску ён сустракае беларускамоўную міліцыянтку, яе сёстраў, якія вараць кісель у парку Горкага, ды двух хлапцоў — Алеся і Барыса. Пасля беларускіх прыгод добрая пачвара вяртаецца ў родную Скандынавію.
“Для мяне было вельмі важна, каб майго героя сустрэлі дзеці, — распавядае Эва Суса, — бо яны заўжды цікаўныя і адкрытыя для сустрэч. Апісанне гораду я ўзяла з памяці: плошча Перамогі, праспект Незалежнасці, метро… Я пра Вашу сталіцу не так шмат ведаю, таму адчуваю сябе тут крыху снежным чалавекам”.
Пісьменніца таксама адзначыла, што адным з прынцыповых момантаў у праекце
быў удзел беларускай ілюстратаркі. На гэтую працу пагадзілася мастачка Кацярына
Дубовік.
“Беларуская дзіцячая літаратура больш кансерватыўная за шведскую, - тлумачыць Кацярына, — Адзін з сэнсаў “Снежнага чалавека ў Мінску” — гэта стаўленне да людзей, не падобных да нас з вамі. Кніга паказвае, як складанасці ў стасунках перамагаюцца праз ветлівасць і дабрыню”.
У імпрэзе таксама прынялі ўдзел старшыня Саюзу пісьменнікаў Барыс Пятровіч ды музыка Андрусь Такінданг. Усе жадаючыя змаглі набыць кнігу пасля прэзентацыі. Разам з тым, арганізатары абяцаюць, што вельмі хутка “Снежны чалавек у Мінску” з’явіцца ва ўсіх кнігарнях.