Факсімільная спадчына Скарыны — у Нацыянальнай бібліятэцы 5–6 верасня
Шматтомнае факсімільнае выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" можна будзе пагартаць у час інтэрактыўнай акцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
Акцыя "Чытаем Скарыну разам" пройдзе 5-6 верасня, паведамляе БЕЛТА.
Увесь шматтомнік, а гэта 21 кніга, будзе знаходзіцца не пад шклом стэлажа, а адкрыты для знаёмства і чытання. Удзел у акцыі свабодны, чытацкі білет не спатрэбіцца.
На ўрачыстым адкрыцці 5 верасня дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі і дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Кацярына Пятруцкая агучаць урыўкі з кніг Скарыны і будуць вітаць першых удзельнікаў акцыі.
На працягу двух дзён будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі. Самых маленькіх запрашаюць у "Дзіцячы куток", дзе для іх 5 верасня правядуць займальны тэматычны ўрок "Францыск Скарына — наш славуты першадрукар". Па вечарах дзяцей чакаюць майстар-класы па арыгамі "Падарунак Скарыны".
6 верасня падрыхтаваны вясёлыя конкурсы ад праекта "ЗаЧытанне". Не абыдзецца без мультфільмаў пра кнігу. Замацаваць пачутае і ўбачанае можна будзе на выстаўцы дзіцячых кніг пра першадрукара.
У "Маладзёжным кутку" таксама будзе дзейнічаць экспазіцыя папулярнай мастацкай літаратуры пра Скарыну. Тут жа можна паўдзельнічаць у майстар-класе па кнігадрукаванні.
На пляцоўцы "Вучоныя пра Скарыну" 5 верасня адбудзецца сустрэча з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі скарыназнаўцам Аляксандрам Сушам.
Наведвальнікі змогуць таксама азнаёміцца з выстаўкай навуковай літаратуры і артыкулаў з часопісаў і газет пра Скарыну, паглядзець мастацкія і дакументальныя фільмы пра знакамітага палачаніна ў кіназале.
У сераду, 6 верасня, гасцей чакаюць на адкрыцці выстаўкі шрыфту і каліграфіі Усевалада Свентахоўскага "Літары і словы Скорыны"