Фестываль «Людзі Усходу: беларуская зімняя хваля» пройдзе ў Варшаве
Беларускі постпанк стаў адной з пазітыўных візітовак краіны ў сучасным свеце. Не будзе спекуляцыяй сказаць, што назвы і сусветныя туры гуртоў Molchat Doma, Nürnberg і іншых прымусілі багата каго пагугліць, што ж гэта за краіна такая, Беларусь.

2020-ы год стварыў таксама ўнікальную і дагэтуль неасэнсаваную з’яву беларускай музычнай сцэны ў Польшчы. Выбітныя прадстаўнікі новай хвалі беларускага пост-панку (ці «зімовай хвалі», як у Польшчы называюць cold wave) сабраліся ў першы вялікі фестываль Ludzie wschodu, Bialoruska zimna fala, які пройдзе ў Варшаве 17 студзеня.
«Менавіта ў Польшчы з’явіліся дзясяткі маладых гуртоў, якія прыехалі без сваёй аўдыторыі. Таму гэты фестываль ёсць першай спробай сабраць прадстаўнічы лайн-ап з пост-панк сцэны ў шырокім сэнсе, такі сабе стратэгічны дыялог праз сучасную музыку. Назва фестываля рэферуе да вядомай песні гурта Siekiera, да часоў, калі ў Польшчы жыццё было вельмі цяжкім. І мы бачым па продажы квіткоў, што палова публікі акурат польская, і мы вельмі цэнім гэтую інтэлектуальную падтрымку і мастацкую салідарнасць», — кажуць арганізатары фестывалю.
Kowelskie Psy, прэзентацыя новага альбома Gav!No. Рамантычны электрапанк дуэт з’явіўся ў Беларусі ў 2017 годзе і вядомы сваімі шматлікімі пабочнымі праектамі. Кожны канцэрт гурта — гэта бурлескная вечарына, рэйв адчаю і сацыяльна-культурны выклік — нешта накшталт парада роўнасці ў калгасе.

Serbskiy Nozh, прэзентацыя новага альбома Ischod. Serbskiy Nozh — пошук адлюстравання палітычнай і гістарычнай спадчыны Усходняй Еўропы. Пазнавальны візуальны стыль гурта заснаваны на традыцыях кірыліцы і іканапісу, якія развіваліся ў ВКЛ, а філасоўскі падмурак творчасці — хрысціянскі анархізм, ідэі Кіркегора і Марціна Лютара.

Sož, прэзентацыя новага сінгла Eras i Tanatas. Электра-постпанк з Гомеля вядомы найперш сваімі наватарскімі анімацыйнымі кліпамі. Зараз гурт працуе над дэбютным альбомам, першы сінгл з якога адкрывае новы раздзел у гісторыі гурта пасля 4 гадоў рэлакацыйнай калатнечы.

Prorva. Гурт Prorva выпусціў у 2024 годзе свой дэбютны EP Recha (у снежні выйшаў і на дыску на польскім лэйбле). Група грае coldpunk і ўжо добра вядомая сярод наведвальнікаў канцэртаў на сквотах па ўсёй Польшчы. Класічныя для жанру тэксты ў спалучэнні з меладычным гітарным дуэтам ствараюць універcум згубленага свету.
