Фільм «Левіяфан» — прамая крытыка сучаснага палітычнага клімату ў Расіі

Нягледзячы на высокую ацэнку міжнародных кінакрытыкаў вострасацыяльнай расійскай стужкі «Левіяфан» — у прыватнасці, 11 студзеня фільм атрымаў адну з самых прэстыжных узнагародаў амерыканскай кінаіндустрыі «Залаты глобус» — улада Расіі збіраецца рэдагаваць фільм з прычыны парушэння ім закона «Аб дзяржаўнай мове».



lievijafan.jpg

Гэта толькі распаліла, раззлавала інтэрнэт-піратаў, якія распаўсюджваюць арыгінал фільма ў сацыяльных сетках. На здзіўленне, стваральнікі «Левіяфана» не збіраюцца пераследаваць нелегальных «кінапракатчыкаў».
Атрымліваючы кінапрэмію «Залаты глобус», прадусар расійскага фільма «Левіяфан» Аляксандар Раднянскі адзначыў, што стужка закранае любога ў свеце.
«Чым больш мы думаем пра шчаслівы лёс нашага фільма, тым больш мы верым, што не мае значэння, з'яўляецеся вы карэйцам, амерыканцам, расіянінам ці французам. Трагічная гісторыя звычайнага чалавека, які сутыкнуўся тварам у твар з абыякавай сістэмай, абсалютна універсальная», — сказаў ён.
Аднак стужка, якая распавядае пра барацьбу чалавека з карупцыйнай сістэмай, на некаторых можа зрабіць уражанне, што гэтая гісторыя наадварот з'яўляецца даволі спецыфічнай — для Расіі.
Гэта можа растлумачыць, чаму ў той час, як «Левіяфан» збірае ўзнагароды за мяжой — у тым ліку, фільм узнагароджаны ў Канах і на кінафестывалі ў Мюнхэне — у Крамлі займаюцца рэдагаваннем стужкі. Паводле расійскага закона, які, у прыватнасці, забараняе выкарыстоўваць лаянку ў кіно, некаторыя дыялогі ў «Левіяфане» збіраюцца выразаць.
Гэта рэдагаванне прывяло да таго, што кожны дзень усё больш расіянаў звяртаюцца да пірацтва, каб паглядзець карціну ў арыгінале. Сацыяльныя сеткі Расіі захліснулі спасылкі на сайты, дзе фільм можна паглядзець у высокай якасці. Першая версія з'явілася ў інтэрнэце 10 студзеня, за дзень да таго, як «Левіяфан» выйграў «Залаты глобус».

«Левіяфану» прадказваюць «Оскар»


Звычайна, кінематаграфісты асуджаюць незаконную загрузку ці прагляд фільмаў, пазбаўляюць іх даходаў і кантролю над уласнай працай. Аднак, прадусар «Левіяфана» Аляксандар Раднянскі сказаў, што ні ён, ні рэжысёр стужкі Андрэй Звягінцаў не маюць намеру пераследаваць піратаў, якія распаўсюджваюць іх фільм, вылучаны ад Расіі на прэстыжную прэмію «Оскар».
«Усе фільмы, прадстаўленыя на „Оскар“, былі загружаныя па-пірацку. Мы імкнемся пірацкія сайты зачыніць, але нас радуе, калі спрачаюцца пра фільм», — сказаў Раднянскі ў інтэрвію «Рускай службы навінаў».
Па словах Марка Олсэна, кінакрытыка амерыканскай газеты LA Times, «Левіяфан» мае высокія шанцы атрымаць «Оскар». Крытык лічыць, што вытанчаны стыль стужкі можа спадабацца сябрамам Амерыканскай кінаакадэміі, якія абіраюць пераможцаў, бо яны часта аддаюць перавагу замежным фільмам з палітычным падтэкстам.
«Шмат што ў „Левіяфане“, на маю думку, можа разглядацца выключна як палітычная і прамая крытыка сучаснага палітычнага клімату ў Расіі, але калі стваральнікі фільма гавораць пра яго, яны любяць прадстаўляць яго агульным. Катэгорыя замежных фільмаў вітае сувязь гэтых стужак са светам, але не прамую палітычнасць», — сказаў Олсэн ў інтэрвію Радыё Свабода.
Пяць фільмаў-фіналістаў, якія будуць змагацца за «Оскар» у катэгорыі «Лепшы фільм на замежнай мове», абвесцяць у Лос-Анжэлесе ў чацьвер, 15 студзеня.


Матэрыял падрыхтавалі Дэйзі Сіндэлар і Ганна Шаманская для сайту украінскай службы Свабоды.