Горад чужога сонца

24 лістапада, у Мінску, у Гістарычнай майстэрні, на чарговым пасяджэнні дыскусійнага кінаклубу “Невядомая Беларусь адбылася прэзентацыя дакументальнага фільму “Горад чужога сонца, прысвечанага архітэктурнай спадчыне сталіцы Беларусі.

24 лістапада, у Мінску, у Гістарычнай майстэрні, на чарговым пасяджэнні дыскусійнага кінаклубу “Невядомая Беларусь адбылася прэзентацыя дакументальнага фільму “Горад чужога сонца, прысвечанага архітэктурнай спадчыне сталіцы Беларусі.

Гэтая 30- хвілінная каляровая кінастужка, у якой шырока выкарыстаны кадры дакументальнай савецкай і нямецкай кінахронікі, створана на тэлеканале “Белсат рэжысёрам Аленай Антанішынай і аператарам Зояй Катовіч. Да ўдзелу ў фільме аўтары прыцягнулі спецыялістаў па гісторыі Мінска — вядомых дзеячаў беларускай навукі і культуры, у тым ліку старшыню Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, архівіста і краязнаўцу Уладзіміра Дзянісава, мастака і пісьменніка Артура Клінава, мастацтвазнаўцу і журналіста Сяргея Харэўскага, а таксама доктара гістарычных навук Захара Шыбеку.

Аўтары стужкі распавядаюць пра страты, якія панесла дойлідства сталіцы за амаль стагоддзе пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года. Гаворка ідзе пра разбурэнне культавых будынкаў у міжваенны і пасляваенны перыяды, а таксама аб шкодзе, што прынесла гістарычнай забудове Мінска Другая сусветная вайна і пасляваенная рэканструкцыя. Прычым фільм сцвярджае, што страты, нанесеныя савецкай уладай у сталіцы помнікам айчыннага дойлідства, нашмат большыя, чым шкода, якую прычынілі архітэктурным каштоўнасцям старога Мінска намецкія авіяцыйныя бамбёжкі з 23 па 27 чэрвеня 1941 года. У стужцы распавядаецца пра тое, што савецкая авіяцыя бамбіла акупаваны Мінск ў 1942 годзе, 1 мая 1943 года, у чэрвені 1944 года і, памылкова, нават праз тыдзень пасля вызвалення сталіцы БССР ад нацыстаў 3 ліпеня 1944 года.

Акрамя таго, некаторыя помнікі дойлідства былі падарваныя савецкімі падпольшчыкамі і партызанамі пад час акупацыі Мінска. Разам з тым, архітэктурная спадчына сталіцы панесла страты не толькі ў гады ваеннага ліхалецця, але і ў мірны час. Аўтары фільма звяртаюць увагу на цікавае супадзенне нацысцкага і савецкага планаў перабудовы цэнтру беларускай сталіцы, на падабенства архітэктурных стыляў таталітарных рэжымаў — сталінскага ампіру і гітлераўскай канцэпцыі будаўніцтва, заснаванай на прынцыпах грандыёзнасці, велічы і даўгавечнасці.

Пасяджэнне было прысвечана памяці арганізатара і першага старшыні Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клубу “Спадчына Анатоля Белага. Па яго ініцыятыве ў 2007 годзе “Спадчынай была зацверджана узнагарода – дыплом і медаль “Абаронцу пакутнікаў Беларусі з занясеннем ў кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь. Гэтай узнагародай быў ушанаваны шэраг актывістаў кінаклубу “Невядомая Беларусь.

У размове з карэспандэнтам “НЧ вядомы беларускі гісторык, вядучы кінаклубу Ігар Кузняцоў паведаміў, што на пасяджэннях “Невядомай Беларусі, што праводзяцца раз на месяц, адбываюцца прагляды і абмеркаванні айчынных і замежных стужак, якія тычацца розных аспектаў рэпрэсіўнай палітыкі савецкага таталітарнай дзяржавы, а таксама праблематыкі Другой сусветнай вайны.

На наступным пасяджэнні кінаклуба, прысвечаным мастацтву ГУЛАГа, будзе паказаны расійскі дакументальны фільм “Ефросиния Керсновская. Житие“ (рэжысёр і прадзюсар Міхаіл Меленцін), прысвечаны творчасці былога вязня сталінскіх канцлагераў Ефрасінні Кярсноўскай, якая на працягу многіх гадоў у сваіх дзённіках не толькі штодзённа апісвала жахі ГУЛАГу, але і з дакументальнай дакладнасцю фіксавала ў сваіх малюнках ўсе страшныя здзекі над ні ў чым не вінаватымі людзьмі. Дзённікі Кярсноўскай сталі своеасаблівым абвінавачваннем сталінізму і экспанаваліся ў многіх краінах свету.