Галоўны турнір у свеце кіберспорту будзе асвятляцца па-беларуску
Беларуская федэрацыя кіберспорту атрымала ад Valve эксклюзіўныя правы на асвятленне The International 2022 на беларускай мове.

Гэтая інфармацыя з'явілася на афіцыйным сайце федэрацыі, піша Onliner.
Турнір The International упершыню атрымае афіцыйнае асвятленне на беларускай мове. У чэрвені Valve абвясціла аб пачатку прыёму заявак на асвятленне самага галоўнага турніру ў гэтым годзе па Dota 2. Кампанія гатовая была разгледзець прапановы ад студый, якія зацікаўлены ў арганізацыі трансляцый на рускай, кітайскай, партугальскай (Бразілія) і іспанскай (Лацінская Амерыка) мовах.
Аднак прадстаўнікі кампаніі адзначылі, што запыт на атрыманне ліцэнзіі на асвятленне The International 2022 даступны таксама для студый, гатовых правесці трансляцыю на любых мовах, не ўключаных у пералік асноўных.
The International 2022 пройдзе з 8 па 30 кастрычніка, у ім возьмуць удзел адразу 30 каманд з усяго свету. Летась прызавы фонд турніру склаў больш за $40 млн.